Асамблея НДА выступіла суарганізатарам Кангрэсу дасьледчыкаў Беларусі

01/10/2012

У Коўне скончыў працу другі Міжнародны Кангрэс дасьледчыкаў Беларусі, адным з суарганізатараў якога выступіла Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў. Адной з асаблівасьцяў форуму стала правядзеньне дасьледчыкамі грамадзянскай супольнасьці асобнай міждысцыплінарнай сэсіі па абмеркаваньні пралемаў дасьледваньня трэцяга сэктару ў Беларусі.

Цягам сэсіі былі акрэсьленыя сярод іншых праблемаў адсутнасьць трывалага каналу для распаўсюду інфармацыі пра актуальныя дасьледваньні й адсутнасьць пляцоўкі для разьмяшчэньня вынікаў дасьледваньняў, даступнай для шырокага кола грамадзкасьці.

Агулам экспэртамі былі прадстаўленыя 11 дакладаў, што тэматычна належылі да трох плыняў дасьледваньняў.

Першая група паведамленьняў была прысьвечаная агульным пытаньням разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці як цэласнага аб’екту. У прыватнасьці, у дакладах Эдуарда Гладышава ды Ўладзімера Люкевіча прагучаў аналіз культурных перадумоваў разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку спэцыфікі беларускага кейсу. У дакладзе Юрыя Чавусава быў дадзены агляд наяўнага стану дасьледваньняў грамадзянскай супольнасьці ў межах розных дысцыплінаў.

Другі блёк сэсіі закрануў тэму карпаратыўнай сацыяльнай адказнасьці як фактара разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці. Цягам дыскусіі быў прааналізаваны эмпірычны досьвед асобных арганізацыяў, а таксама прадстаўленыя матэрыялы двух дасьледваньняў карапаратыўнай адказнасьці бізнэсу (Павал Вештард) і карпаратыўнага валянтэрства (Ягор Мароз).

Дасьледваньням дзейнасьці арганізацыяў трэцяга сэктару ў асобных сфэрах альбо асобных аспэктах быў прысьвечаны трэці блёк. Тут прагучалі даклады пра дзейнасьць арганізацыяў аховы навакольнага асяродзьдзя (Сяргей Магонаў), пра ўяўленьні беларусаў адносна правоў чалавека і правабарончай дзейнасьці (Аксана Шэлест), пра новыя сацыяльныя рухі ў Беларусі на прыкладзе незалежнай рок-сцэны (Мая Зэнтара), пра ахову здароўя (Алена Лобан), пра прававыя аспэкты камунікацыі арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці зь дзяржаўнай уладай у межах спэцыяльных кансультатыўных і экспэртных саветаў (Вольга Смалянка), пра супрацьдзеяньне карупцыі (Іван Валюшка).

Па выніках абмеркаваньня дакладаў мы прыйшлі да высновы, што ўзровень камунікацыі ў галіне дасьледваньняў грамадзянскай супольнасьці пакідае жадаць лепшага. Адна з прычынаў гэтагаадсутнасьць трывалага каналу распаўсюду інфармацыі пра дасьледваньні, што праводзяцца, а таксама пляцоўкі для разьмяшчэньня альбо індэксацыі вынікаў дасьледваньняў. Некаторыя дасьледваньні, ініцыяваныя фондамі альбо самімі НДА, успрымаюцца імі як канкурэнтная перавага й не транслююцца ў шырокай грамадзкасьці, – адзначыў Юры Чавусаў.

На думку экспэртаў, было б мэтазгодна стварыць адмысловы банк дадзеных дасьледваньняў грамадзянскай супольнасьці (магчыма, на базе адной зь існуючых ужо вэб-пляцовак беларускіх няўрадавых арганізацыяў альбо фабрыкаў думкі, ангажаваных у аналітыку грамадзкага сэктару). Таксама неабходна ініцыяваць абмеркаваньне бягучых дасьледваньняў грамадзянскай супольнасьці ўнутры беларускіх мерапрыемстваў. Для таго, каб у Беларусі разьвіваліся дасьледваньні, што маюць практычны эфэкт, неабходна каб людзі, якія практычна працуюць у структурах грамадзянскай супольнасьці, уключаліся у фармаваньне дасьледчага парадку дня ды інфармавалі сваіх контрагентаў у дасьледчай сфэры пра ўплыў вынікаў дасьледваньняў на ўдасканаленьне дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў.

———————-

Другі Міжнародны Кангрэс дасьледчыкаў Беларусі сёлета з 28 па 30 верасьня сабраў у Коўне каля 400 удзельнікаў. Цягам трох дзён былі праведзеныя 20 тэматычных сэкцыяў, прайшлі шырокія плэнарныя дыскусіі, якія закранулі надзвычай шырокія тэмы: гісторыя ВКЛ, дасьледваньні грамадзянскай супольнасьці, рэфармаваньне сыстэмы адукацыі ды іншыя. Па выніках форуму зьявіцца выданьне з матэрыяламі выступоўцаў.