VII Асамблея: Вызваліць палітвязьняў. Прызначыць спэцдакладычка ААН па Беларусі

18/06/2012

Такія патрабаваньні ўтрымліваюцца ў заявах, прынятых удзельнікамі VII Асамблеі няўрадавых арганізацыяў ды грамадзкіх ініцыятываў, якая праходзіла 16-17 чэрвеня ў Менску. Сярод закранутых тэмаў гучалі таксама й патрабаваньні спыненьня рэпрэсіяў супраць трэцяга сэктару з боку дзяржавы, неабходнасьць кансалідацыі й салідарнасьці ды шэраг іншых тэмаў.

Прадстаўнікі 170 няўрадавых арганізацыяў ды грамадзкіх ініцыятываў з усёй краіны сабраліся на форум ужо ў сёмы раз. Дэлегаты й удзельнікі кангрэсу цягам двух дзён абмяркоўвалі стан беларускай грамадзянскай супольнасьці, разьвіцьцё рэгіянальных ініцыятываў, сытуацыю ў праваабарончым сэктары, супрацоўніцтва на нацыянальным і міжнародным узроўнях.

Азіраючыся на час ад моманту папярэдняй Асамблеі ў 2009 годзе, сябры Праўленьня Асамблеі НДА адзначылі, што абвешчаная ўладамі так званая лібэралізацыя не палепшыла сытауцыю ў грамадзкім сэктары: працягваецца барацьба арганізацыяў з Мінюстам за рэгістрацыю, з боку праваахоўных органаў адбываецца перасьлед за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, пагаршаюцца заканадаўчыя ўмовы дзейнасьці. Усё гэта не спрыяе разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці, а прымушае яе змагацца за сваё выжываньне.

Разам з тым, паводле Сяргея Мацкевіча, правядзеньне Асамблеі ёсьць сьведчаньне таго, што грамадзянская супольнасьць працягвае сваю дзейнасьць і заяўляе пра сябе. Ён адзначыў, што, перадусім, актуальнай зьяўляецца кансалідацыі ўнутры прадстаўнікоў трэцяга сэктару ды выпрацоўка супольных дзеяньняў.

Падчас VII Асамблеі была абраная новая Рабочая група (кіраўнічы орган Асамблеі НДА) у складзе 44 чалавек. Нягледзячы на знаходжаньне ў турме, у Рабочую групу адзінагалосна абралі Алеся Бяляцкага. Старшынём Рабочай групы быў пераабраны Сяргей Мацкевіч.

«Пасьля кангрэсу штораз абіраецца новая Рабочая група, і мы спадзяемся на новы імпульс у грамадзскай дзейнасьці, незважаючы на праблемы зьніжэньня матывацыі да грамадзкай дзейнасьці ды праблемы дачыненьняў НДА і грамадзтва, якія абмяркоўваліся цягам гэтых двух дзён. Мы спадзяемся, што дыскусыі, якія адбыліся паміж арганізацыямі з адной сфэры інтарэсаў, далі штуршок для правядзеньня будучых супольных мерапрыемстваў», – адзначыў Сяргей Мацкевіч.

Асамблея не абмінула адрэагаваць на найбольш актуальныя праблемы ў краіне. У адмысловай заяве ўдзельнікі форуму запатрабавалі ад уладаў неадкладнага й безумоўнага вызваленьня старшыні ПЦ «Вясна», сябра Рабочай групы Асамблеі НДА Алеся Бяляцкага ды іншых палітвязьняў, а таксама справядлівага перагляду па справе «бабруйскіх анархістаў».

Рэзалюцыя «Аб становішчы грамадзянскай супольнасьці Беларусі» канстатуе скіраванасьць дзеяньняў уладаў на выкараненьне любых формаў арганізаванай грамадзянскай актыўнасьці, якія не кантралюецца дзяржавай. У зьвязку з гэтым Асамблея патрабуе ад улады адмовіцца ад такой палітыкі ды аднавіць сапраўдны дыялёг з грамадзянскай супольнасьцю, спыніць перасьлед палітычных апанэнтаў ды грамадзкіх актывістаў. У рэзалюцыі выказваецца падзяка міжнароднай супольнасьці за салідарнасьць і дапамогу пасьля падзеяў сьнежня 2010 году, а таксама просьба быць пасьлядоўнай у падтрымцы дэмакратычных каштоўнасьцяў беларускага грамадзства й не спыняць ціск на ўлады Беларусі.

«Сярод практычных крокаў, якія былі ўхваленыя Асамблеяй, можна адзначыць прапанову па прызначэньні спэцдакладчыка ААН па Беларусі, які быў бы дадатковым інструмэнтам для прывядзенья ў Беларусь базавых эўрапейскіх каштоўнасьцяў», – падкрэсьліў Старшыня Рабочай групы.

Трэцяя заява датычыцца сытуацыі вакол будаўніцтва беларускай АЭС і патрабуе неадкладнага спыненьня ўсіх работ і рашэньняў, зьвязаных з праектам па будаўніцтве Астравецкай АЭС.

У межах Асамблеі штораз ладзіцца Фэст грамадзкіх арганізацыяў, падчас якога абіраюцца ды ўзнагароджваюцца каштоўнымі прызамі найлепшыя прэзэнтацыі. Сёлета пераможцамі сталі Мастоўская суполка ТБМ, інфармацыйна-асьветніцкая ўстанова «Амарока», «Дзедзіч» і жаночая ініцыятыва «Пралеска».

Паводле словаў Сяргея Мацкевіча форум у чарговы раз пацьвердзіў неабходнасьць існаваньня такой структуры як Асамблея НДА для дапамогі ў разьвіцьці грамадзкіх арганізацыяў і ініцыятываў, калектыўнай абароны інтарэсаў грамадзкага сэктару, удасканаленьня заканадаўства, прасоўваньня канцэпцыі разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці й канцпэцыі дачыненьняў з уладамі ды інш.

«Мы адчуваем, патрэбу правядзеньня такіх фэстаў грамадзкіх аб’яднаньняў дзеля забесьпячэньня патрэбы камунікацыі паміж актывістамі й арганізацыямі. Гэтага не хапае, бо такія мерапрыемствы часта забараняюць. Падтрымка сябраў і абмен думкамі натхняе на далейшую дзейнасьць», – падсумаваў Сяргей Мацкевіч.

Нагадаем што, папярэдняя Асамблея мусіла адбыцца 5-6 траўня 2012 году, аднак за два дні да мерапрыемства быў адменены дазвол Менгарвыканкама на правядзеньне мерапрыемства.

Рэзалюцыя “Аб становішчы грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі”

Заява “Свабоду Бяляцкаму! Свабоду ўсім вязьням сумленьня”

Заява з нагоды будаўніцтва АЭС у Беларусі