У свет выйшаў агляд свабоды асацыяцыяў у Беларусі за 2012 год

21/02/2013

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў і Цэнтр прававой трансфармацыі выпусцілі гадавы агляд “Свабода асацыяцыяў і прававы стан некамерцыйных арганізацыяў у Беларусі” за 2012 год. У публікацыі адлюстраваныя найбольш важныя тэндэнцыі і падзеі, зьвязаныя з прававымі ўмовамі дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў і іншых формаў арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці.

Выпуск падобнага кшталту гадавых аглядаў ажыцьцяўляецца з 2007 года. Сёлета аўтары  агляду адзначылі, што магчымасьці для рэалізацыі свабоды асацыяцыяў у 2012 годзе ў Беларусі не пашырыліся. На ўзроўні прававога рэгуляваньня, нягледзячы на ўвядзенне асобных пазітыўных нормаў, не было зафіксавана значных зменаў, якія б палепшылі альбо пагоршылі становішча некамерцыйных арганізацыяў.

Тым не меньш, уладамі плануецца далейшае рэфармаванне заканадаўства аб грамадскіх аб’яднаннях ў 2013 годзе. Асаблівую ўвагу агляд зьвяртае на падрыхтоўку да прыняцця ў першым чытаньні ў 2013 годзе зьменаў да закона “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”. У аглядзе адзначаецца, што распрацаваны законапраект зьмягчае некаторыя ўмовы для рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў, аднак не мяняе сутнасці працэдуры рэгістрацыі на аснове дазвольнага прынцыпу, якая дае рэгістрацыйным органам магчымасьць адвольна выносіць адмовы ў рэгістрацыі.

На ўзроўні праваўжывальнай практыкі ў 2012 годзе захаваліся ранейшыя негатыўныя трэнды, пры гэтым іх інтэнсіўнасць не змянілася. Фіксуюцца прыклады адвольных адмоваў у рэгістрацыі аб’яднаньняў, а таксама перашкоды ва ўзгадненьні назваў установаў. Застаюцца і іншыя перашкоды для дзейнасьці, уключаючы пазбаўленьне памяшканьня для правядзення мерапрыемстваў альбо офісаў, звыклыя абмежаванні для прыцягнення фінансавання. Аднак пры гэтым нормы аб крымінальнай адказнасці за парушэнні парадку прыцягнення замежнай бязвыплатнай дапамогі, уведзеныя ў заканадаўства ў канцы 2011 года, не ўжываліся.

Стваральнікі агляду адрасуюць яго як беларускай грамадзкасьці, так і міжнародным зацікаўленым суб’ектам – правабарончым арганізацыям і міжнародным інстытуцыям па абароне правоў чалавека. У прыватнасьці, агляд будзе накіраваны спецыяльнаму дакладчыку ААН па правах чалавека ў Беларусі Міклашу Харасці.

Таксама асноўныя тэзы дакумента будуць прадстаўленыя ў ААН ў якасьці ацэнкі выкананьня Рэспублікай Беларусь рэкамендацыяў, адрасаваных Беларусі ў 2010 годзе ў часе Універсальнага перыядычнага агляду ААН (Universal Periodic Review). Нагадаем, што ў межах гэтай працэдуры ААН рэкамендавала Беларусі скасаваць крымінальную адказнасьць за дзенасьць незарэгістраваных арганізацыяў і прыняць іншыя захады па паляпшэньні прававых умоваў для дзейнасьці няўрадавых аб’яднаньняў. Наступны раўнд справаздачы па выкананьні правоў чалавека Беларусь у межах Універсальнага перыядычнага агляду Беларусь будзе праходзіць ў траўні 2015 года.

З тэкстам агляду можна азнаёміцца тут.

Асобна прапануем пазнаёміцца з падрыхтаваным Цэнтрам правовой трансфармацыі аналіз рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў у 2012 годзе, спісы зарэгістраваных і ліквідаваных у 2012 годзе некамерцыйных арганізацыяў.

З аглядамі і маніторынгамі стану свабоды асацыяцыяў у Беларусі за ранейшыя гады можна азнаёміцца тут: ngobylaw.org