Абарона прасторы грамадзянскай супольнасьці для гарантыі правоў чалавека

01/04/2014

«Дзеячы грамадзянскай супольнасьці павінныя мець магчымасьць выконваць сваю працу свабодна, незалежна, без страху і ў адсутнасьці помсты і запалохваньняў. Гэта патрабуе калектыўных дзеяньняў для асуджэньня пакараньняў і абароны свабоднага выказваньня меркаваньняў і тых, на каго аказваецца ціск», – заявіў Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун, гаворачы пра грамадзянскую супольнасьць як пра “неад’емную частку Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў” на экспэртнай дыскусіі аб абароне грамадзянскай супольнасьці ў кантэксьце 25 сэсіі Савета ААН па правах чалавека.

Мы павінныя пашырыць прастору для грамадзянскай супольнасьці, каб яна магла ўдзельнічаць і рабіць свой значны ўнёсак на карысьць правоў чалавека, – дадаў Генэральны сакратар ААН у відэа-заяве, прадстаўленай у межах дыскусіі па пытаньні аб прасоўваньні і абароне прасторы грамадзянскай супольнасьці ў кантэксьце 25-й сэсіі Савета па правах чалавека.

– Дзеячы грамадзянскай супольнасьці ва ўсім сьвеце сутыкаюцца з рознага кшталту рызыкамі, ад небясьпекі пагрозаў і запалохваньняў да жудасных пакараньняў, і нават забойстваў, – патлумачыла намесьніца Кіраўніка ААН па правах чалавека Флавія Пансыеры ў рамках дыскусіі. – Пачынаючы з няўрадавых арганізацый, якім забараняюць атрымліваць фінансаваньне, да інфарматара, якога адправілі ў турму за выкрыцьцё карупцыі… Мы мусім працаваць, каб абараніць грамадзянскую супольнасьць ад падобных практык, – заявіла яна.

У сваім выступе Пансыеры падкрэсьліла важнасьць грамадзянскай супольнасьці ў аказаньні дапамогі людзям у разьвіцьці навыкаў весьці прапаганду, фарміраваньні стратэгіяў, мабілізацыі патрабаваньняў. Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці дзейнічаюць  у якасьці крытыка-назіральніка і паведамляюць людзям пра іх правы і абавязкі.

Юрыст у галіне правоў чалавека з Пакістана і адна з самых выбітных праваабаронцаў Хіна Джылані заявіла, штонам трэба будзе прайсьці доўгі шлях да прызнаньня таго, што грамадзянская супольнасьць нясе карысьць ня толькі сама сабе, але таксама і ўзмацняе дзяржаву”. Хіна Джылані патлумачыла, што прычына гэтага – шматлікія спосабы, якімі грамадзянская супольнасьць выказвае грамадзкае меркаваньне, і яе магчымасьць зьвяртаць увагу на абавязкі прадстаўнікоў уладаў.

Спэцыяльны дакладчык ААН па пытаньні свабоды меркаваньняў Франк Ла Ру дадаў, што міжнародныя органы і ўрады ня могуць аднаасобна дамагчыся рэалізацыі абароны і прасоўваньня правоў чалавека без поўнага ўдзелу грамадзянскай супольнасьці. “Грамадзянская супольнасьць зьяўляецца найважнейшым кампанэнтам, які гарантуе абарону правоў” – заявіў ён.

– Мы гаворым не пра асаблівыя правы для грамадзянскай супольнасьці, а пра правы чалавека, якія мы абараняем для кожнага… Не павінна быць якіх-небудзь асаблівых абмежаваньняў у дачыненьні да грамадзянскай супольнасьці. Я заўсёды адчуваю трывогу, калі бачу заканадаўства, якое спрабуе абмежаваць свабодную арганізацыю людзей або атрыманьне фінансаваньня гэтымі аб’яднаньнямі, таму што яно абмяжоўвае легітымную, адкрытую і празрыстую дзейнасьць для абароны правоў чалавека, – дадаў Ла Ру, падкрэсьліваючы, што кожны мае права на абарону правоў чалавека.

У ходзе інтэрактыўнай дыскусіі, зладжанай у кантэксьце 25-й сэсіі Савета ААН па правах чалавека, сябра парлямэнту Турцыі і сябра Камітэта ААН па правах інвалідаў (КПІ) Сафак Павэй прывяла прыклад таго, як грамадзянская супольнасьць змагла паўплываць на ўрад у яе ўласнай краіне.

Распавядаючы пра плян гарадзкой забудовы ў стамбульскім парку Таксім-Гэзі, яна паведаміла, што “летась спробы ўраду забудаваць ахоўныя прасторы і нацыянальныя паркі былі спыненыя працай 121 арганізацыяў, якія займаюцца аховай прыроды і абаронай экалягічных правоў”. У выніку іх сыстэматычных намаганьняў ўрад адклікаў законапраект.

– Паколькі дзеяньні дзяржавы ўяўлялі небясьпеку, грамадзянская супольнасьць паўстала на барацьбу з гэтымі выклікамі, – распавяла яна. – Ад правоў жанчын і пытаньняў экалёгіі да гуманітарнай дапамогі і канстытуцыйнай рэформы грамадзянская супольнасьць становіцца неад’емнай у кожнай сфэры, дзе перад грамадзтвам паўстаюць праблемы.

Праваабаронца з Туніса і Ганаровы прэзыдэнт Туніскай лігі па абароне правоў чалавека Махтар Трыфі прэзэнтаваў прыклад фундамэнтальнай ролі грамадзянскай супольнасьці ў пабудове дзяржавы ў Тунісе пасьля рэвалюцыі.

Трыфі распавёў пра больш за 10 000 людзей, якія былі падрыхтаваныя для вядзеньня маніторынгу падчас выбараў на працягу месяцаў напярэдадні гістарычных выбараў 2011 году. “Кожная фаза выбараў старанна кантралявалася грамадзянскай супольнасьцю”, – паведаміў ён, дадаўшы, што гэта прывяло да стварэньня Ўстаноўчага сходу .

– Галоўнай мэтай Ўстаноўчага сходу было напісаньне новай канстытуцыі. Дадзены працэс заняў тры гады, і грамадзянская супольнасьць адыграла ў ім вырашальную ролю, у прыватнасьці, настаяўшы на ўключэньні палажэньняў аб поўнай роўнасьці мужчын і жанчын. Сёньня грамадзянская супольнасьць працягвае гуляць ролю ў распрацоўцы цэнтральных законаў, неабходных дзеля забесьпячэньня правоў чалавека і дэмакратыі, – дадаў Трыфі.

На магутную ролю мастацтва і творчых людзей у грамадзтве зьвярнула ўвагу Дыя Хан, ухваленая крытыкамі музычная прадусарка і ўганараваная прэміяй Эмі рэжысэрка дакумэнтальнага фільма.

Мастацтва можа прымусіць нас думаць і адчуваць: гэтыя складнікі не дазваляюць лёгка кантраляваць нас, не даюць зламаць наш дух і падвяргаць нас бесчалавечным рэчам, – сказала Хан, мастачка і актывістка ва ўласнай прадусарскай кампаніі FUUSE і выкарыстоўвае фільмы, каб інфармаваць і заахвочваць дыскусіі па правах чалавека.

– Пра сілу мастацтва сьведчаць намаганьні, накіраваныя на тое, каб разбурыць яго, – дадала яна, прывёўшы прыклад дзеяньняў Талібану ў Аўганістане, які распачаў шматлікія меры па забароне мастацтва і музыцы ў грамадзтве.

Дадзеная інтэрактыўная экспэртная дыскусія зьяўляецца першай афіцыйнай дыскусіяй ў Савеце па правах чалавека па пытаньні аб прасторы грамадзянскай супольнасьці як праблемы ў галіне правоў чалавека. Імкнучыся палегчыць ўдзел інвалідаў, падчас інтэрнэт-трансляцыі ладзіўся пераклад на міжнародную мову жэстаў, а таксама йшлі субтытры.

Падчас дыскусіі да рознага досьведу зьвярнуліся як экспэрты, так і прадстаўнікі дзяржаваў, нацыянальных праваабарончых установаў, няўрадавых арганізацый і агенцтваў ААН, якія адзначылі цяжкасьці, атрыманыя ўрокі, станоўчыя практыкі, крокі і стратэгіі для прасоўваньня і абароны прасторы грамадзянскай супольнасьці.

Выніковы даклад па выніках дадзенай экспэртнай дыскусіі будзе прадстаўлены Савету па правах чалавека на 27-й сэсіі Савета.

Крыніца

Пераклад Асамблеі НДА