«Дапаможнік раварыста» едзе ў тур па Беларусі

12/05/2014

Памятка «Дапаможнік раварыста 2.0» ад моладзевага аб’яднаньня “Фаланстэр” будзе прадстаўленая ў розных гарадах Беларусі. Дзе адбудуцца сустрэчы? Як можна далучыцца да працы над памяткай і зьмяніць правілы дарожнага руху? Чытайце ў матэрыяле

“Дапаможнік раварыста” вэрсіі 2.0 уяўляе з сябе мануал для раварыстаў у гарадзкіх джунглях. Паводле стваральнікаў дапаможніка, зараз стартаваў другі этап праекту, які мае на мэце сабраць каманду людзей, зацікаўленых у працы над зьмяненьнямі правілаў дарожнага руху для раварыстаў. Пасланьне праекта: «Мяняй правілы!».

Як адзначыла на прэзэнтацыі “Дапаможніка” ў Менску каардынатарка Сьвятлана Ермаковіч, галоўнай задачай праекту цяпер зьяўляецца зацікаўленьне ўсіх неабыякавых да стварэньня брашуры. Дапамагчы ў гэтым можна абсалютна розным чынам: ад напісаньня тэкстаў і стварэньня фотарэпартажаў да дызайнэрскага афармленьня.

Паводле яе словаў, вельмі важна таксама атрымаць юрыдычную дапамогу і прыцягнуць увагу да праблем ровараў на беларускіх дарогах, якія нескладана заўважыць нават пешым удзельнікам дарожнага руху.

Беларускі тур “Дапаможніка”

Падчас прэзэнтацыйных сустрэч каардынатары праекта падзеляцца асаблівасьцямі веларуху ў розных кутках краіны, разгледзяць моцныя і слабыя бакі выкарыстаньня ровара ў горадзе, паразмаўляць з раварыстамі пра правілы дарожнага руху і гарадзкую інфраструктуру. Самыя актыўныя і зацікаўленыя ўдзельнікі сустрэч змогуць атрымаць друкаваную вэрсію шпаргалкі «Дапаможнік раварыста 2.0».

Заплянаваныя прэзэнтацыі:

Гомель – 17 траўня. Падрабязнасьці

Берасьце – 18 траўня. Падрабязнасьці

Магілёў – 24 траўня;

Гародня -1 чэрвеня.

Стваральнікі памяткі ўпэўненыя, самаарганізацыя раварыстаў можа хутчэй праходзіць праз удзел у агульнай справе, што можа аб’ядноўваць людзей, двары, вуліцы і гарады. У якасьці гэтай агульнай справы актывісты “Фаланстэра” прапаноўваюць памятку «Дапаможнік раварыста», якая прызваная «Мяняць правілы» дарожнага руху. Як гэта можа адбывацца. Арганізатары будуць распавядаць і дзяліцца сваімі ведамі падчас туру.

“Фаланстэр” шукае партнэраў

Таксама каардынатары шукаюць падтрымку і супрацоўніцтва з гарадзкімі, роварнымі, экалягічнымі супольнасьцямі іншых гарадоў для далейшага разьвіцьця праекту.

Па ўсіх пытаньнях па праекце можна пісаць на пошту falanster.by@gmail.com ці тэлефанаваць +375 29 8602312.