Развадоўскі фэст. Грамадзкасьць Баранавічаў адзначыла 160-годзьдзе заснавальніка гораду

26/08/2014

23 жніўня ў Баранавічах адбыўся Развадоўскі фэст у гонар заснавальніка гораду. Не чакаючы на дзеяньні афіцыйных уладаў мясцовая філія ТБМ пад брэндам “Зробім лепш!” нагадала жыхарам гораду аб графе Развадоўскім, які спрычыніўся да зьяўленьня Баранавічаў.

Дата правядзеньня Фэсту супала з 25-мі угодкамі стварэньня ТБМ, таму напачатку мерапрыемства старшыня Баранавіцкай філіі Таварыства беларускай мовы Віктар Сырыца адзначыў ганаровымі дыплёмамі Ганну Аніскевіч і Вячаслава Сухарэбскага за працу па захаваньні роднай мовы.

10639425_1515795905321084_720368268043292674_n

Прызы і ўзнагароды таксама атрымалі пераможцы віктарыны ў гонар графа Яна Развадоўскага, што ладзілася напярэдадні. Імі сталі Анастасія Андрыёнак, Ульляна Трафімец і вучаніца 8-й клясы Алена Лашкоўская.

Узнагароджаньне пераможцаў віктарыны ў гонар графа Развадоўскага

Узнагароджаньне пераможцаў віктарыны ў гонар графа Развадоўскага

Прысутныя на Фэсьце даведаліся болей пра асабісты уклад Яна Развадоўскага ў разьвіцьцё вёскі і мястэчка, якія сталі асновай будучага гораду Баранавічы. Фэст працягнуўся сьвяточным канцэртам баранавіцкіх майстроў мастацтва, а пасьля наведвальнікі імпрэзы частаваліся юшкай, аладкамі і кашай Развадоўскага, якія прыгатаваў індывідуальны прадпрымальнік Мікалай Чарнавус.

10622825_1515797781987563_3871225136675519510_n

Развадоўскі фэст зьяўляецца фінальным акордам тых мерапрыемстваў, якія цягам месяца ладзілі актывісты ў гонар графа Івана Аляксандравіча Развадоўскага (1854–1930). Усе жадаючыя маглі ўзяць удзел у віктарыне, наведаць краязнаўчыя чытаньні да 100-годзьдзя Першай сусьветнай вайны (першапачаткова плянавалі правесьці чытаньні па графу Развадоўскаму, але з  нагоды недахопу матэрыялаў і дасьледчыкаў, тэма была зьмененая), дзеці мелі магчымасьць паўдзельнічаць у конкурсе малюнкаў у гонар графа.

10635823_1515795968654411_858737735895510415_n

Віктар Сырыца накіраваў ліст старшыні Баранавіцкага гарвыканкаму Юрыю Грамакоўскаму, у якім запытаўся, чаму кіраўніцтва гораду не прымае захадаў па сьвяткаваньні 160-годзьдзя графа Яна Развадоўскага. Старшыня Баранавічкай Рады ТБМ выказаў спадзеў, што да канца году памяць заснавальніка Баранавічаў будзе адпаведным чынам ушанаваная.

Пераможцамі конкурсу малюнкаў у гонар Яна Развадоўскага сталі Юльяна Гоўша, Яся Малашчанка і Варвара Галушка.

Пераможцамі конкурсу малюнкаў у гонар Яна Развадоўскага сталі Юльяна Гоўша, Яся Малашчанка і Варвара Галушка