Зварот удзельнікаў круглага стала “Грамадзянская супольнасьць у абароне цывілізацыйна-культурнай ідэнтычнасьці Беларусі”

19/09/2014

18 верасьня ўдзельнікі пашыранага круглага стала агучылі зварот да беларускага грамадзтва, а таксама заклікалі беларускія грамадзкія арганізацыі ды ініцыятывы далучацца да гэтага звароту, даслаўшы ліст-падтрымку на адрас ngo@belngo.info.

Місія беларускай грамадзянскай супольнасьці –

адстаяць цывілізацыйны выбар і будучыню Беларусі

Зварот удзельнікаў пашыранага круглага стала Асамблеі НДА Беларусі

Сёньня краіна Беларусь і беларускае грамадзтва стаяць напярэдадні самых небясьпечных за ўсе гады незалежнасьці выпрабаваньняў. Геапалітычная сытуацыя – адраджэньне агрэсіўных імпэрскіх амбіцыяў усходняга суседа пад лёзунгам аднаўленьня так званага “Русского мира” – ставіць пытаньне пра далейшы лёс Беларусі як незалежнай дзяржавы, пра цывілізацыйны выбар і само далейшае існаваньне беларускага народу. Між тым у выніку апошніх двух дзесяцігодзьдзяў мэтадычнага разбурэньня ўладамі беларускай самасьвядомасьці ды нацыянальнай ідэнтычнасьці наш народ страчвае патэнцыял самаабароны ад паглынаньня адноўленай недэмакратычнай Расейскай імпэрыяй.

Спадзявацца на тое, што цяперашняя дзяржаўная ўлада ўратуе беларускую незалежнасьць, – беспадстаўна. Як паказвае досьвед Украіны, гарантам незалежнасьці і будучыні дзяржавы можа быць толькі адказнае свабоднае грамадзтва, структураванае ў грамадзянскую супольнасьць. Надзвычайную ролю ў забесьпячэньні пэрспэктывы народу адыгрывае яго цывілізацыйна-культурная тоеснасьць. Менавіта ўгрунтаваныя на дэмакратычных і нацыянальных каштоўнасьцях валянтэрскія ініцыятывы, а не дзяржаўныя інстытуцыі, у крызысны момант здольныя ўзяць на сябе адказнасьць і ўратаваць сытуацыю.

Мы лічым неабходным і неадкладным для грамадзянскай супольнасьці Беларусі, для ўсіх грамадзкіх арганізацыяў ды ініцыятываў (як згуртаваных у Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў, так і іншых), для згуртаваньняў творцаў вызначыць на бліжэйшыя гады супольную місію, са зьдзяйсьненьнем якой сувымяралася б выкананьне сваёй канкрэтнай задачы.

Мы фармулюем гэтую місію двума словамі: БАРАНІ СВАЁ.

Яна раскрываецца:

–  у неабходнасьці абараняць нацыянальна-культурную ідэнтычнасьць (мову, культуру, гістарычную памяць) беларускага народу і пачуцьцё гістарычнай прыналежнасьці беларусаў ды іншых нацыянальных групаў, што жывуць у Беларусі, да эўрапейскага культурна-цывілізацыйнага абшару;

– у прыняцьці на сябе адказнасьці за самаарганізацыю беларускага грамадзтва на ўзроўні мясцовых супольнасьцяў, прафэсійных групаў, групаў інтарэсаў;

– у скаардынаванай экспэртнай, інфармацыйнай ды адукацыйнай працы, скіраванай на падвышэньне адказнасьці кожнага грамадзяніна і кожнай грамады за сваю зямлю і сваю краіну, за лёс беларусаў як унікальнага народу і Беларусі як незалежнай дзяржавы, на ўмацаваньне эканамічных, сацыяльных, міжнародна-праўных падставаў дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі як дэмакратычнай дзяржавы.

Заклікаем усіх адказных актывістаў беларускай грамадзянскай супольнасьці – разам ці паасобку – засьведчыць гэтую супольную місію, пашырыць сваю працу ў адпаведнасьці зь ёю і тым даць шанец нашай краіне выйсьці зь цяжкіх непазьбежных выпрабаваньняў годна, зьберагчы незалежнасьць і аднавіць свабоду.