Алена Анісім: Мова зараз у трэндзе, гэта трэба максымальна выкарыстоўваць

24/02/2015

Намесьніца старшыні ТБМ распавяла аб адметнасьцях і цікавостках будучай канфэрэнцыі “Моўныя правы і іх абарона”, якая пройдзе 28 сакавіка.  

Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны пытаньнем моўных правоў займаецца ад самага пачатку стварэньня арганізацыі (летась ТБМ адзначыла сваё 25-годзьдзе). У інтэрвію прэс-службе Асамблеі НДА Алена Анісім адзначыла актуальнасьць закранутай тэмы:

 Канфэрэнцыя “Моўныя правы і іх абарона” разьлічаная перш за ўсё на людзей, якія займаюцца валодаюць моўнымі праблемамі прафэсійна. Гэта забясьпечыць высокі ўзровень абмеркаваньня, праўдзівасьць і дакладнасьць ацэнак, якія будуць прыведзеныя і засьведчаныя.

Паводле спадарыні Анісім, любая канфэрэнцыя акрэсьлівае кола пытаньняў, якія неабходна вырашаць, і той накірунак, у якім трэба дзейнічаць. Таму ТБМ зацікаўлена, каб высновы, да якіх прыйдуць удзельнікі канфэрэнцыі, сталі здабыткам шырокай грамадзкасьці і паслужылі падмуркам для актыўнай дзейнасьці.

Алена Анісім адзначыла, што будучае мерапрыемства арыентаванае на ўдзел мовазнаўцаў зь іншых краінаў:

Таварыству беларускай мовы важна асэнсаваць вопыт цывілізаванага суіснаваньня некалькіх дзяржаўных моваў. Паколькі наша краіна ўступіла ў дастаткова няпростую сытуацыю з абвяшчэньнем дзьвюх дзяржаўных моваў, вельмі важна суаднесьці, як гэты працэс адбываецца ў цывілізаваным сьвеце, найперш у Эўропе, і супаставіць, як гэта праецыруецца ў нас. Таксама важна асэнсаваць, як беларусы могуць бараніць свае моўныя правы ў тым жа Эўрапейскім Зьвязе.

Адметнасьцю будучай канфэрэнцыі намесьніца старшыні ТБМ Алена Анісім лічыць правядзеньне выставы ідэяў і праектаў “Тэхналёгіі моўнага адраджэньня”:

Аргкамітэт плянуе зладзіць прэзэнтацыю акцыяў па моўным адраджэньні, папулярызацыі беларускай мовы, як унутры краіны, так і па-за яе межамі. Беларуская мова зараз у трэндзе, гэта трэба максымальна выкарыстаць з розумам і толкам для таго, каб беларуская мова стала паўнавартаснай дзяржаўнай мовай у нашай краіне. Таму ТБМ запрашае вядоўцаў моўных курсаў, бізнэс-асацыяцыі, якія займаюцца прасоўваньнем беларускай мовы, усіх тых, хто мае жаданьне і імпэт паўдзельнічаць у кірмашы моўных ідэяў.

 

***

ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” запрашае да ўдзелу ў міжнароднай канфэрэнцыі “Моўныя правы і іх абарона”, якая адбудзецца 28 сакавіка 2015 у Менску.

Пытаньні для абмеркаваньня:

Праблемы моўнага заканадаўства;

Тэхналёгіі і практыкі грамадзянскай супольнасьці па абароне лінгвістычных правоў;

Моўная палітыка і актуальныя пытаньні разьвіцьця нацыянальных моў.

Заяўкі з матэрыяламі дасылаць да 10 сакавіка па электроннай пошце на адрас tbmkanfierencyja@gmail.com, тэма – выступ.

Тэлефон для даведак: 284-85-11 (штопанядзелак з 18 да 20).

Аргкамітэт плянуе па выніках канфэрэнцыі выдаць зборнік матэрыялаў.