Апублікаванае дасьледаваньне патэнцыялу салідарнасьці ў беларускім грамадзтве

21/12/2015

Аўтары дакумэнту прыйшлі да высновы, што патэнцыял салідарнасьці беларускага грамадзтва істотна ніжэйшы, чым патэнцыял салідарнасьці ў грамадзянскай супольнасьці.

Дасьледаваньне выканана Цэнтрам эўрапейскай трансфармацыі (ЦЭТ) і Беларускім інстытутам стратэгічных дасьледаваньняў (BISS) на замову: Беларускага дома правоў чалавека ім. Барыса Звозскага, Праваабарончага цэнтра “Вясна”, Беларускага Хельсінкскага камітэту, Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend), Камітэту абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць”, Беларускай асацыяцыі журналістаў і Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі.

На папярэднім этапе дасьледаваньня патэнцыялу салідарнасьці ў арганізаванай грамадзянскай супольнасці Беларусі была зроблена выснова аб дастаткова нізкім узроўні яго салідарнасьці.

У выніковым дакумэнце адзначана, што грамадзтва ў цэлым аказалася яшчэ менш структураваным, яшчэ больш пасіўным, абыякавым у каштоўнасным дачыненьні, менш зацікаўленым у абмеркаваньні палітычных і грамадзкіх тэмаў, больш замкнёным у коле міжасабовых адносінаў, чым меркавалі дасьледчыкі. Патэнцыял салідарнасьці беларускага грамадзтва апынуўся істотна ніжэй, чым патэнцыял салідарнасьці ў грамадзянскай супольнасці.

Кола патэнцыйнай салідарнасьці беларускага грамадзтва фактычна замкнёна на сям’і і сябрах, беларусы не асабліва разьлічваюць на салідарнасьць з боку іншых групаў і супольнасьцяў. Патэнцыял узаемнага даверу і салідарнасьці насельніцтва ў адносінах да грамадзкіх і дзяржаўных інстытутаў вельмі нізкі. Беларусы не давяраюць ім і не разьлічваюць на іх дапамогу і падтрымку, гэта ў тым ліку азначае, што яны наўрад ці адгукнуцца на іх заклік аб падтрымцы ў выпадку неабходнасьці.

Паводле дасьледчыкаў, праваабарончыя і іншыя грамадзкія арганізацыі карыстаюцца даверам ня больш чым чвэрці насельніцтва.

Дарэчы, грамадзянская супольнасьць, у параўнаньні з грамадзтвам у цэлым, характарызуецца больш высокім узроўнем інстытуцыйнага даверу. У той жа час, кола гэтай салідарнасьці замкнёнае на калегах па “трэцім сэктары” і не распаўсюджваецца нават на роднасныя грамадзкія сэктары тэрытарыяльных (суседзкіх) супольнасьцяў і царкоўных абшчын. Узровень даверу грамадзянскай супольнасьці дзяржаўным інстытутам яшчэ больш нізкі, чым у насельніцтва ў цэлым.

Азнаёміцца з поўным тэкстам дасьледаваньня можна тут.