Арганізацыі грамадзянскай супольнасьці прэзэнтуюць альтэрнатыўную справаздачу Савету па правах чалавека ААН

03/05/2015

4 траўня ў Жэневе Беларусь пройдзе другі цыкль УПА па правах чалавека. Асамблея НДА Беларусі і Lawtrend падрыхтавалі альтэрнатыўную справаздачу ў Савет па правах чалавека ААН.

Працэдура другога цыклю Ўнівэрсальнага пэрыядычнага агляду па правах чалавека будзе пройдзена ў мехах 22-й сэсіі Савета па правах чалавека ААН. Па выніках праходжаньня першага цыклю УПА Беларусь атрымала 93 рэкамэндацыі, прымальнымі для сябе прызнала 55 зь іх. Выкананьне гэтых рэкамэндацыяў і будзе абмяркоўвацца падчас праходжаньня другога цыклю УПА.

Юрыст Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend Аляксей Казьлюк адзначае, што працэдура яшчэ новая, і “толькі цяпер зьяўляецца дакладнае разуменьне таго, як гэты мэханізм павінен быць выкарыстаны для краінаў і, адпаведна, якім чынам грамадзянская супольнасьць можа ўключацца ў гэты працэс”.

Як вядома, Беларусь не асабліва ахвотна ўдзельнічае ў міжнародных працэдурах, датычных правоў чалавека. Некаторыя з гэтых працэдураў беларускі ўрад ігнаруе, але ў сытуацыі з УПА усё наадварот — дзяржава, у прыватнасьці Міністэрства замежных справаў, заяўляе, што ўдзел ва УПА зьяўляецца прыярытэтам на міжнароднай арэне пры працы з правамі чалавека. Для нас гэта азначае зьяўленьне дадатковай магчымасьці ў сваёй працы ў галіне правоў чалавека як унутры краіны, так і за яе межамі”, — сказаў Аляксей Казьлюк.

У працэдуры ўдзельнічаюць дзяржавы, якія задаюць пытаньні, а затым выносяць рэкамэндацыі па тэме правоў чалавека ў кожнай канкрэтнай краіне, — распавядае пра тэхнічны бак працэдуры УПА Аляксей Казьлюк. — Пры гэтым няма нейкіх спэцыфічных патрабаваньняў да дзяржаваў у працэдуры УПА ў якасьці разгляданых дзяржаваў удзельнічаюць усе краіны ААН, і ў якасьці тых, хто задае пытаньні і рэкамэндуе, могуць выступіць таксама ўсе дзяржавы. Па сутнасьці, гэта робіць працэдуру самай глабальнай і ўнівэрсальнай зь цяпер існуючых у сьвеце. Для нас важна, што НДА таксама ўдзельнічаюць у працэсе, грамадзянская супольнасьць можа фактычна на роўных з дзяржавай прадастаўляць сваю ацэнку сытуацыі з правамі чалавека, на роўных удзельнічаць у абмеркаваньнях паміж цыклямі УПА і казаць пра вынікі выкананьня рэкамэндацыяў. Уласна, для гэтага і рыхтуюцца альтэрнатыўныя даклады”.

Юрыстконсульт Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый Юрый Чавусаў паведаміў, што кола пытаньняў 4 траўня будзе пашырана: цяпер будзе шмат увагі нададзена тэме спэцдакладчыка па Беларусі.

Гэта тое пытаньне, якое ў спэктар рэкамэндацыяў не ўваходзіць, але цяпер зьяўляецца адным з асноўных у межах узаемадзеяньня Беларусі з інстытутамі па правах чалавека ААН. Ацэньваючы працэдуру падрыхтоўкі нацыянальнага дакладу па папярэдніх рэкамэндацыях, які быў абнародаваны ў лютым гэтага году, мы можам сказаць, што ступень удзелу няўрадавых арганізацыяў у гэтай працэдуры была нездавальняючай. Так, праводзіліся асобныя кансультацыі, але ў адрозненьне ад сытуацыі першага раўнду 2010 году, цяпер на кансультацыі не былі запрошаныя экспэрты з незарэгістраваных праваабарончых арганізацыяў. Напрыклад, Валянцін Стэфановіч з праваабарончага цэнтру “Вясна”, я, Юрый Чавусаў з Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў. У 2010 годзе ў нас была магчымасьць абмеркаваць зьмест нацдаклада з прадстаўнікамі ўлады, зараз такой магчымасьці мы былі пазбаўленыя. Праўда, пазыцыю грамадзянскай супольнасьці ўдалося данесьці прадстаўнікам Lawtrend, БХК і некаторым іншым арганізацыям. Але ў цэлым, калі казаць пра ступень уліку рэкамэндацыяў праваабаронцаў, можам сьцьвярджаць, што гэтыя рэкамэндацыі ўлічаны толькі ў нязначнай ступені, у прыватнасьці рэкамэндацыі па свабодзе асацыяцыяў у цэлым былі праігнараваныя”, — сказаў Юрый Чавусаў.

Паводле яго словаў, Нацдаклад можна ацаніць, як падрыхтаваны толькі зь мінімальным супрацоўніцтвам з НДА, што нэгатыўна паўплывала на яго зьмест, на адэкватнасьць ацэнкі стану сытуацыі з правамі чалавека.

Галоўнай падзеяй працэдуры другога раўнду УПА стане інтэрактыўны дыялёг: Урады розных краінаў задаюць пытаньні, Беларусь у рэжыме рэальнага часу на іх адказвае.

Па заканчэньні інтэрактыўнага дыялёгу “мы арганізуем паралельнае мерапрыемства, прысьвечанае тэме свабодзы асацыяцыяў і прававых умоваў для арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі”. “Там мы зможам даць хуткую, апэратыўную ацэнку адказам Беларусі, і, спадзяемся, гэтая ацэнка будзе ўлічаная Саветам па правах чалавека пры выпрацоўцы рэкамэндацый па другім цыкле УПА”, — адзначыў Юрый Чавусаў.

Дырэктарка Цэнтру прававой трансфармацыі Вольга Смалянка падкрэсьліла, што пры азнаямленьні з нацыянальным дакладам, “можна зрабіць несуцяшальную выснову, што палажэньні аб свабодзе асацыяцыяў, прававым становішчы некамэрцыйных арганізацыяў у ім выкладзеныя вельмі павярхоўна”. “Ніякага сур’ёзнага аналізу рэкамэндацыяў, якія былі прызнаныя прымальнымі Беларусьсю, ніякага сур’ёзнага аналізу заканадаўства і практыкі яго прымяненьня ў дакладзе не выкладзена”, — сказала яна.

Сутнасьць дакладу, адзначае Вольга Смалянка, зводзіцца да выкладу статыстычнай інфармацыі аб тым, колькі арганізацыяў зарэгістравана ў Беларусі. “Дакумэнт зьмяшчае недакладную інфармацыю аб тым, што нарматыўныя акты ў сфэры свабоды асацыяцыяў даступныя шырокай грамадзкасьці, што зьяўляецца папросту няпраўдай, бо доступ да гэтай інфармацыі, разьмешчанай на нацыянальным прававым партале, зьяўляецца платным”, — сказала дырэктарка Lawtrend.

Вольга Смалянка адзначае чатыры галоўныя праблемы ў сфэры свабоды асацыяцыяў і прававых умоваў для дзейнасьці арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі:

“Па-першае, парадак рэгістрацыі НКА. Калі некамэрцыйная арганізацыя па нейкіх прычынах перашкаджае дзяржаве, то наша заканадаўства дазваляе адмовіць у рэгістрацыі дадзенай арганізацыі. І практыка рэгістрацыі дазваляе казаць пра тое, што дзяржава шырока карыстаецца гэтай магчымасьцю.

Па-другое, забарона на дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў і крымінальная адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў. З 2008 году людзі за гэта не сядзяць у турме, але наяўнасьць артыкула дазваляе выносіць папярэджаньні і яны выносяцца.

Па-трэцяе. Абмежавальны падыход да доступу да фінансаваньня НКА. Беларускае заканадаўства істотна абмяжоўвае магчымасьць фінансаваньня НКА з-за мяжы, наперадзе — яшчэ большае ўзмацненьне жорсткасьці. Ёсць праблема і з унутраным фінансаваньнем.

Чацьвёртая праблема — гэта істотнае абмежаваньне права грамадзкіх аб’яднаньняў рэалізоўваць іншыя правы. Напрыклад, няма магчымасьці рэалізацыі права на ўдзел у мірных сходах, на свабоду выказваньня меркаваньняў”.

У альтэрнатыўнай справаздачы ў Савет па правах чалавека ААН “Свабода асацыяцыяў і прававыя ўмовы для дзейнасьці арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі” прыводзяцца “непасрэдныя рэкамэндацыі, у адпаведнасьці зь якімі неабходна прывесьці свабоду асацыяцыяў, прававое становішча некамэрцыйных арганізацыяў у патрэбнае рэчышча”. “Калі дзяржава рэальна зацікаўлена ў тым, каб становішча арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці палепшылася ў Беларусі, неабходна распачаць цэлы комплекс дзеяньняў па зьмяненьні заканадаўства і практыкі яго прымяненьня”, — падсумавала Вольга Смалянка.

Пётар Кухто, Эўрабеларусь