Бясплатны Wi-FI зьявіўся ў цэнтры Магілёву

12/03/2015

Злавіць першы ў краіне публічны бясплатны Wi-Fi можна на плошчы Славы, у парку Горкага, гістарычным і краязнаўчым музэях.

Ініцыятарамі праекту “Free Wifi-Mogilev” выступілі актывісты Цэнтру гарадзкіх ініцыятываў. Паводле словаў кіраўніка арганізацыі Юрыя Стукалава, ажыцьцяўленьне падобных праектаў не каштуе вялікіх грошай, аднак патрабуе значных чалавечых рэсурсаў. На рэалізацыю ідэі публічнага Wi-FI маладым людзям спатрэбілася паўтара гады.

Актыўныя магілёўцы плянуюць запусьціць яшчэ два Wi-FI пункты: на плошчы Зорак і ў сквэры 40-годзьдзя Перамогі. Наступныя месцы будуць вызначаныя пасродкам галасаваньня на сайце Цэнтру гарадзкіх ініцыятываў.

Юрый Стукалаў папярэджвае, што карыстацца Wi-Fi можна цягам гадзіны, а спампаваць — ня больш за 300 Мб. Важна адзначыць, каб скарыстацца сеткай, трэба будзе прайсьці sms-аўтарызацыю.

На дадзены момант Wi-Fi працуе ў тэставым рэжыме. Аб усіх тэхнічных праблемах арганізатары просяць паведамляць на адрас cgimogilev@gmail.com.

Адзначым, што ў 2014 годзе Юрый Стукалаў быў названы Чалавекам году Магілёва.

Паводле www.mycity.by