“Дранік-fest” названы падзеяй году Магілёўшчыны

29/01/2015

У дзень наданьня Магілёву Магдэбурскага права ініцыятыва “Грамадзкі магістрат” назвала Чалавека і Падзею году.

Па выніках супольнага галасаваньня журналістаў, наведвальнікаў сацыяльных сетак і Рады “Грамадзкага магістрату” “Падзеяй году” Магілёўшчыны быў прызнаны першы ў Беларусі “Дранік-fest”. Мерапрыемства адбылося 18 кастрычніка 2014 году на этна-хутары “Зялёны гай”, дзе болей за 4 тысячы гасьцей частаваліся дранікамі.

Каманда арганізатараў Дранік-фэсту

Каманда арганізатараў Дранік-фэсту

Адзначым, што “Дранік-fest” сёлета зьяўляўся прэтэндэнтам на прэмію “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці” ў намінацыі “Рэгіянальная падзея”.

Чалавекам 2014 году стаў Юрый Стукалаў, лідэр Цэнтру гарадзкіх ініцыятываў, адзін з арганізатараў “Дранік-festу”.

Юрый Стуканаў і эскпэрты "Грамадзкага магістрату" Алесь Сілкоў і Зьміцер Салаўёў

Юрый Стуканаў і экспэрты “Грамадзкага магістрату” Алесь Сілкоў і Зьміцер Салаўёў

Сваю ўзнагароду Юрый Стукалаў лічыць “каманднай”:

Безумоўна, прыемна, што нашу дзейнасьць прызналі, што былі ацэненыя тыя праекты і ідэі, якія ажыцьцявіла наша каманда: “Дранік-fest”, Арт-лесьвіца, Давязу дарам, фотаэкскурсіі па Магілёве і іншыя. Званьне “Чалавек году Магілёву” — гэта стымул працаваць далей на карысьць роднага гораду і яго іміджу.

Цырымонія ганараваньня пераможцаў ладзілася пры падтрымцы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі і прайшла ў магілёўскай антыкавярні “Паддашак”. Завершылася імпрэза канцэртам гурта Akute.

“Дранік-fest” названы падзеяй году Магілёўшчыны

“Дранік-fest” названы падзеяй году Магілёўшчыны

Фота Алеся Сабалеўскага

Аўтар малюнка — Уладзімір Цэсьлер