Новы ARCHE прысьвяцілі ўзаемадзеяньню грамадзянскай супольнасьці і дзяржавы

03/09/2015

Выйшаў з друку часопіс ARCHE №4/2015 “Нераўнапраўнае партнэрства: дзяржава й грамадзянская супольнасьць пры кансалідаваным аўтарытарызме”.

Мы паразмаўлялі з Валерам Булгакавым, галоўным рэдактарам часопісу, каб высьветліць, у чым унікальнасьць новага нумару, і чаму выданьне не радуе вока колерамі, а пужае чытача кратамі.

Ідэя стварэньня часопіса пра грамадзянскую супольнасьць

Паводле Булгакава, беларускае грамадзтва мае патрэбу ў комплексных аналітычных матэрыялах, прысьвечаных стану беларускай грамадзянскай супольнасьці.

Дзяржаўна-аналітычныя сктруктуры не імкнуцца займацца гэтай праблематыкай, а калі і вывучаюць, то з савецкіх пазыцыяў: калі аналіз падмяняе ідэалёгія, прапаганда так званай беларускай дзяржавы. То бок, зазвычай дзяржаўныя навукоўцы рапартуюць пра кансэнсус і згоду, пра тое, што ў нас грамадзянская супольнасьць разьвіваецца і зьяўляецца неад’емным элемэнтам дзяржаўнай машыны. Такі падыход не вытрымлівае сутыкненьняў з рэальнасьцю, — кажа навукоўца.

Галоўны рэдактар часопіса ARCHE адзначае, што кніжка паўстала з запатрабаваньня сумленна і, па магчымасьці, аб’ектыўна разгледзець стан рэчаў у беларускай грамадзянскай супольнасьці за апошнія 15 гадоў. Розныя спробы былі раней, але ў гэтай кнізе мы можам казаць пра больш-менш комплексны падыход да трэцяга сэктару. У нумары разглядаюцца розныя траекторыі: грамадзянская адукацыя, культурніцкія ініцыятывы, акадэмічнае жыцьцё, такое напаўпадпольнае, якое выходзіць за рамкі.

Нумар ARCHE пра грамадзянскую супольнасьць цікавы сваёй тэндэнцыяй: унікаць закастнелых уяўленьняў пра грамадзянскую супольнасьць, бо гаворка тут ідзе і пра футбольных фанатаў і пра субкультурныя зьявы, якія беларускія навукоўцы, як правіла, абмінаюць увагай.

Дарэчы, часопіс ARCHE “Нераўнапраўнае партнэрства: дзяржава і грамадзянская супольнасьць пры кансалідаваным аўтарытарызме” выйшаў таксама на ангельскай мове.

Змрочная вокладка як сымбаль праблемаў

На пытаньне пра чорна-белую, змрочную вокладку Валер Булгакаў адказаў, што яе ідэяй было праблематызаваць беларускую грамадзянскую супольнасьць, паказаць, што яна знаходзіцца ў крызысе.

На думку Булгакава, Алесь Бяляцкі акурат сымбалізуе стан, калі грамадзянская актыўнасьць, якая ідзе зьнізу, вельмі часта падвяргаецца рэпрэсіям, бо часта ўспрымаецца беларускай дзяржавай, як нешта варожае. Таму партрэт Бяляцкага на вокладцы не выпадковы, ён свайго роду сымбаль тых траекторыяў, якія былі наканаваныя беларускай грамадзянскай супольнасьці ў апошнія 5-10 гадоў.

Як стаць уладальнікам часопіса?

Часопіс ARCHE пра грамадзянкую супольнасьць можна знайсьці на кніжнай выставе ў Менску, па адрасе: вул. Чарнышэўскага, 3 (сядзіба Партыі БНФ) або замовіць, даслаўшы ліст на адрас dastauka@arche.by. Кошт асобніка 40 тыс. без дастаўкі, 59 тыс. зь ёй.
Пры замове выданьня ў полі “Тэма” трэба пазначыць “4-2015”, а ў лісьце падаць свае дакладныя каардынаты: паштовы адрас, індэкс, прозьвішча і ініцыялы, тэлефон для камунікацыі.

Са зьместам нумару можна азнаёміцца па спасылцы.