Pact: грамадзкі сэктар Беларусі павялічыў сваю пазнавальнасьць

10/09/2015

10 верасьня міжнародная арганізацыя Pact прэзэнтавала стратэгічны дакумэнт “Прыярытэты грамадзянскай супольнасьці Беларусі 2020”.

У справаздачы арганізацыі ўтрымліваецца аналіз дзейнасьці беларускай грамадзянскай супольнасьці цягам 2011-2015 гадоў, апісаньне актуальных трэндаў і прыярытэтных накірункаў да 2020 году, а таксама высновы і рэкамэндацыі па падтрымцы канкрэтных сфэраў разьвіцьця няўрадавых арганізацыяў.

У прыватнасці, у ліку прыярытэтаў трэцяга сэктару называюцца захаваньне Беларусі як незалежнай краіны, кантроль за выкананьнем правоў чалавека, лібэралізацыя прававога асяродку, колькасны і якасны рост арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, павелічэньне грамадзянаў, уцягнутых у грамадзкую дзейнасьць, разьвіцьцё лякальных супольнасьцяў, прыцягненьне мясцовых рэсурсаў для падтрымкі дзейнасьці НДА, стварэньне адкрытых дыялёгавых пляцовак і інш.

У дакумэнце адзначаецца, што на фоне стабільна неспрыяльнага прававога асяродзьдзя за апошнія пяць гадоў грамадзкі сэктар Беларусі здолеў павялічыць сваю пазнавальнасьць сярод насельніцтва, разьвіць новыя формы грамадзянскай актыўнасьці, правесьці пасьпяховыя публічныя мерапрыемствы.

Справаздача “Прыярытэты грамадзянскай супольнасьці Беларусі 2020” падрыхтаваная па выніках дыскусіяў з прадстаўнікамі арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці.

Дыскусіі ладзіліся ў чэрвені 2015 году паводле мэтадалёгіі “Пошук будучыні”. У мерапрыемстве бралі ўдзел прадстаўнікі розных сэгмэнтаў трэцяга сэктару: аналітычныя цэнтры, моладзевыя, культурніцкія, экалягічныя, праваабарончыя і іншыя арганізацыі.

Спампаваць дакумэнт “Прыярытэты грамадзянскай супольнасьці Беларусі 2020” на рускай і ангельскай мовах.