Роля і пэрспэктывы Ўсходняга партнэрства

13/03/2015

Рабочая група Асамблеі НДА Беларусі акрэсьліла сваю пазыцыю напярэдадні Высокай сустрэчы Ўсходняга Партнэрства ў Рызе.

Спампаваць дакумэнт цалкам.

 

РОЛЯ І ПЭРСПЭКТЫВЫ ЎСХОДНЯГА ПАРТНЭРСТВА

Пазыцыя Рабочай групы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі напярэдадні Высокай сустрэчы Ўсходняга Партнэрства ў Рызе

Рабочая група Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі, найбольш прадстаўнічага ў краіне грамадзкага згуртаваньня, лічыць неабходным давесьці да зацікаўленых бакоў свой погляд на стан і будучыню амбітнага праекту ўлучэньня шасьці постсавецкіх дзяржаваў у эўрапейскую эканамічную і каштоўнасную прастору, найперш з гледзішча інтарэсаў беларускага грамадзтва.

***

Агульнае становішча ў нашым рэгіёне з пачатку рэалізацыі праекту УП радыкальна зьмянілася.

Народ Украіны выказаўся за падпісаньне асацыяцыйнага пагадненьня з ЭЗ і мірным шляхам дамагаўся зьмены ўлады, якая сабатавала волю народу, а потым ужыла супраць яго сілу. Расея, кіруючыся імпэрскімі і антыдэмакратычнымі матывамі, ажыцьцяўляе мэтанакіраваную “гібрыдную” агрэсію супраць Украіны, каб не дапусьціць свабоднага геапалітычнага выбару яе народу і каб зьнішчыць прыклад свабоднага волевыяўленьня і дэмакратычнай самаарганізацыі грамадзтва ў рэгіёне, які яна намагаецца лічыць сваёй “сфэрай уплыву”.

За ваенным, палітычным, сацыяльным і моўна-культурным становішчам ва Ўкраіне пільна сочаць грамадзяне іншых дзяржаваў — партнэраў ЭЗ ува Ўсходнім Партнэрстве. Цяпер менавіта ад хады падзеяў ва Ўкраіне шмат у чым залежыць лёс ня толькі гэтай праграмы ЭЗ, але ўсяго Эўрапейскага Зьвязу і эўрапейскай цывілізацыі.

Беларускае грамадзтва стала аб’ектам інфармацыйнай вайны з боку Расеі, шмат хто застрашаны блізкасьцю да нашых межаў рэальнай вайны. Пагроза незалежнасьці Беларусі штораз нарастае. Улады Беларусі ў гэтай сытуацыі, аднак, ня робяць ніякіх захадаў для дэмакратызацыі грамадзкага жыцьця і разьняволеньня грамадзкай энэргіі, неабходнай для кансалідацыі перад небясьпекай.

Наадварот. У Беларусі не зьмяншаецца колькасьць палітычных вязьняў. Дзяржава працягвае выносіць і выконваць сьмяротныя прысуды. Не адменены ніводзін рэпрэсіўны праўны акт, скіраваны супраць незалежных грамадзянскіх ініцыятываў. Незалежныя мас-мэдыя і выдавецтвы перасьледуюцца аж да нематываванага закрыцьця. Захоўваецца загадна-адміністрацыйная гаспадарчая мадэль, эканамічная актыўнасьць насельніцтва душыцца праз заканадаўчыя абмежаваньні, фактычна зьнішчаецца малое і сярэдняе прадпрымальніцтва.

Сытуацыю пагаршаюць новыя захады ўлады перад плянаванымі прэзыдэнцкімі выбарамі. Прыняты закон, які далей абмяжоўвае свабоду слова і дазваляе дыскрымінаваць незалежныя інтэрнэт-мэдыя. Мэханізм закрыцьця доступу да апошніх выпрабаваны ў сьнежні 2014 г. Зь дзяржавы высылаюць праваабаронцаў, ціснуць на журналістаў за супрацу з замежнымі мэдыямі. Дзяржава рыхтуе сілавыя структуры не да абароны незалежнасьці, а да змаганьня з уласным народам.

Нягледзячы на рыторыку ўлады пра нэўтралітэт стасоўна расейска-ўкраінскай вайны, у Беларусі нарастае расейская вайсковая прысутнасьць. Расейскія прапагандысцкія мас-мэдыя рэтрансьлююцца без абмежаваньняў. А каштоўнасьці, зьвязаныя з ідэнтычнасьцю народу, — беларуская мова, культура, гістарычная памяць — па-ранейшаму ня маюць дзяржаўнай інстытуцыяльнай падтрымкі і застаюцца змаргіналізаванымі.

Мы ж лічым зьберажэньне і пашырэньне каштоўнаснага грунту ў грамадзтве асновай яго кансалідацыі перад абліччам небясьпекі. Такія ключавыя для беларускай дэмакратычнай дзяржавы каштоўнасьці, як свабода і незалежнасьць, у тым ліку эканамічная, беларуская мова і культура, правы чалавека, адказная і маральная пазыцыя грамадзянаў — мусяць быць грунтам і мэтай практычнай і адукацыйнай дзейнасьці грамадзянскай супольнасьці.

Выклікае занепакоенасьць тое, што Эўрапейскі Зьвяз пагаджаецца на тую ці іншую мэдыяцыйную ролю ў расейска-ўкраінскім канфлікце цяперашняга кіраўніка Рэспублікі Беларусь, хаця апошні не вызнае дэмакратычных каштоўнасьцяў і лічыць яго бесстароньнім бокам няма падставаў.

***

Зыходзячы з вышэйсказанага, выказваем наступныя прапановы.

  1. Цяперашні фармат Усходняга Партнэрства як праграмы пераважна этатыстычнай, скіраванай на дзяржаўныя структуры, мае быць скарэктаваны на карысьць грамадзтваў. Дэкаратыўнае прадстаўніцтва грамадзянскай супольнасьці ў УП у цэлым павінна быць зьменена рэальным мэханізмам абавязковага ўдзелу грамадзянскай супольнасьці ў двухбаковых і шматбаковых захадах УП, забесьпячэньня яе інструмэнтамі ўплыву й кантролю (у прыватнасьці, антыкарупцыйнага).
  2. У межах Усходняга Партнэрства павінны быць выпрацаваныя асобныя мэханізмы супрацы з такімі дзяржавамі, як Беларусь, дзе эўрапейскую будучыню выбірае свабоднае грамадзтва, але не ўлада. Г. зн. прыярытэтам у міжнародных кантактах зь Беларусьсю павінна карыстацца аўтэнтычная грамадзянская супольнасьць. Варта прадугледжваць абавязковы эфэктыўны (а не фармальны) удзел грамадзянскай супольнасьці ў кантактах міжнародных структураў з уладамі Беларусі (у праектах абменаў, стажаў, выпрацоўкі стратэгіяў), у тым ліку ў ролі экспэртаў, грамадзкіх назіральнікаў. Пры гэтым трэба зважаць на тое, што тыповыя для дыктатураў імітацыйныя “дзяржаўна-грамадзкія” арганізацыі да грамадзянскай супольнасьці ня маюць дачыненьня.
  3. Стратэгічным кірункам, значэньне якога не было прадбачана пры ўкладаньні першаснага фармату Ўсходняга Партнэрства, становіцца супольная інфармацыйная (і тым самым каштоўнасная) прастора ЭЗ і дзяржаваў-партнэраў. Лічым неабходным прадугледзець інфармацыйную супрацу як асобны кірунак УП з адпаведным матэрыяльным забесьпячэньнем і з уключэньнем у яго прыярытэты падтрымкі беларускіх незалежных мас-мэдыяў, а таксама тых, што надаюць для Беларусі праграмы па-беларуску зь дзяржаваў ЭЗ.
  4. Пад эгідай УП могуць быць ажыцьцёўленыя хуткія захады, скіраваныя непасрэдна на грамадзянаў дзяржаваў-партнэраў: аднабаковае скасаваньне візаў, пашырэньне адукацыйных праграмаў ЭЗ, крэдытная і іншая падтрымка малому бізнэсу, культурніцкія абмены, праграмы кантактаў паміж людзьмі і г.д.
  5. Эўрапейскі Зьвяз дзейнічаў бы ў інтарэсах усёй Эўропы, калі б у шчыльнай каардынацыі і супольна са Злучанымі Штатамі Амэрыкі аказаў усю магчымую падтрымку Ўкраіне і праявіў бы цьвёрдасьць у дачыненьні да Расейскай Фэдэрацыі як агрэсара і разбуральніка эўрапейскай стабільнасьці. Пры плянаваньні дзейнасьці УП як на роўні дзяржаваў, так і з улучэньнем грамадзянскай супольнасьці варта аддаць перавагу шматбаковым праектам пры ўдзеле Ўкраіны. Для нэўтралізацыі дэзынфармацыйнай антыўкраінскай і антыэўрапейскай кампаніі, якую ў рэгіёне вядзе Расея, варта ладзіць пад эгідай УП стажы й трэнінгі ва Ўкраіне для розных мэтавых групаў зь іншых дзяржаваў-партнэраў.
  6. Мы чакаем ад міжнародных структураў і свабодных дзяржаваў, якія дэкляруюць спрыяньне дэмакратычнай пэрспэктыве Беларусі, разуменьня, што цяперашні ўладны рэжым у цэлым нерэфармавальны і не зьяўляецца гарантам незалежнасьці Беларусі. Аднак пасьлядоўная і салідарная пастава дэмакратычных дзяржаваў можа змушаць яго да часовага аслабленьня рэпрэсіяў. Таму ўсе захады, скіраваныя як на двухбаковую, так і шматбаковую супрацу з афіцыйным Менскам, трэба абумовіць канкрэтнымі крокамі ўладаў для аднаўленьня грамадзянскіх свабодаў: найперш вызваленьнем і рэабілітацыяй палітычных вязьняў і спыненьнем ціску на грамадзянскую супольнасьць і незалежныя мэдыя, а таксама захадамі дзеля рэальнага зьмяншэньня залежнасьці ад Расеі. Гэтымі крокамі павінна быць абумоўлена і запрашэньне першых асобаў улады на Высокую сустрэчу УП у Рызе.

***

Рабочая група – кіруючы орган Асамблеі НДА паміж Кангрэсамі, зьбіраецца раз на некалькі месяцаў і забясьпечвае выкананьне рашэньняў Кангрэсу. Склад РГ зацьвярджаецца Кангрэсам зь ліку прадстаўнікоў арганізацыяў-сябраў Асамблеі, вылучаных галіновымі і тэрытарыяльнымі Круглымі сталамі. Зараз у РГ Асамблеі ўваходзіць 44 чалавекі.