Што адбывалася са свабодай асацыяцыяў у Беларусі ў 2014 годзе?

23/04/2015

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў і Цэнтар прававой трансфармацыі падрыхтавалі агляд “Свабода асацыяцыяў і прававы стан некамэрцыйных арганізацыяў у Беларусі” за 2014 год.

Падобнага кшталту гадавыя справаздачы рыхтуюцца гэтымі арганізацыямі супольна з 2007 году.

Агляд зроблены ў якасьці сваеасаблівага актуальнага абнаўленьня да справаздачы пра свабоду асацыяцыяў у Беларусі, якая была пададзеная Асамблеяй НДА і Цэнтрам прававой трансфармацыі ў Савет па правах чалавека ААН у 2014 годзе ў межах працэдуры Ўнівэрсальнага пэрыядычнага агляду па правах чалавека (UPR). Справаздача была шырока скарыстаная офісам Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека пры падрыхтоўцы агляда меркаваньняў зацікаўленых асобаў напярэдадні працэдуры UPR па Беларусі, якая адбудзецца ў Савеце па правах чалавека ў Жэневе 4 траўня.

У аглядзе арганізацыі прадстаўляюць найбольш актуальную інфармацыю, якая дапаўняе асноўную справаздачу, што была прадстаўленая ў ААН у межах працэдуры UPR. Падаецца аналіз заканадаўчых зьменаў, якія цягам 2014 году закраналі дзейнасьць некамэрцыйных арганізацыяў, адлюстраваныя супярэчлівыя спробы наладжваньня дыялёгу паміж арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці і дзяржавай, аналізуецца статыстыка прыросту некамэрцыйныйных арганізацыяў. Асобная ўвага надаецца абмежаваньням, зь якімі сутыкаюцца ў сваёй дзейнасьці беларускія арганізацыі, у тым ліку сярод найбольш сур’ёзных перашкодаў адзначаны прыцяг існаваньня крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць у складзе незарэгістраваных арганізацыяў па адыёзным артыкуле 1931 Крымінальнага кодэксу.

Разынкай дакумэнту зьяўляецца аналіз дынамікі рэгістрацыі фондаў, грамадзкіх аб’яднаньняў і недзяржаўных установаў, які суправаджаецца пералікам арганізацыяў, што былі зарэгістраваныя цягам году. Чытачы могуць азнаёміцца ня толькі з абагульненай статыстыкай па накірунках дзейнасьці новаствораных арганізацыяў, але і прасачыць якія менавіта НДА былі зарэгістраваныя цягам кожнага месяцу 2014 году ў форме грамадзкага аб’яднаньня, фонду, альбо прыватнай установы.

Агляд становішча па свабодзе асацыяцыяў у пачатку 2015 года, у тым ліку пэрспэктывы зьмяненьня заканадаўства пра замежную бязвыплатную дапамогу, прадстаўлены ў падрыхтаваным Асамблеяй НДА і Цэнтрам прававой трансфармацыі маніторынгу за першы квартал 2015 году.

Спампаваць гадавы агляд “Свабода асацыяцыяў і прававы стан некамэрцыйных арганізацыяў у Беларусі” цалкам на расейскай і ангельскай мовах.