Што мы можам зрабіць для тых, хто працуе побач з намі ў грамадзкай сфэры?

02/06/2015

Актывізм патрабуе вялікіх выдаткаў: эмацыйных, часавых, матэрыяльных. Вось некалькі парадаў, як стварыць адносіны ўзаемнага клопату, дзе ўсе мы зможам даць і атрымаць неабходную падтрымку. Сьпіс парадаў будзе карысны таксама сябрам і родным грамадзкіх актывістаў.

Паважайце. Актывісты і так часта сутыкаюцца з асуджэньнем або непаразуменьнем у грамадзтве, таму стаўцеся з павагай да іх працы, рашэньняў і поглядаў.

Клапаціцеся. Будзьце добрымі ў стасунку да іх, праяўляйце сваю сымпатыю. Магчыма, вы сутыкнецеся з супрацівам, бо некаторыя актывісты выракаюцца абдымашак. Але гэта ня значыць, што ня варта паспрабаваць. Культурныя нормы зьмяняюцца толькі тады, калі хтосьці бярэ на сябе сьмеласьць паводзіць сябе іначай.

Слухайце. Адзін з найлепшых падарункаў для чалавека, калі яго спакойна, спачувальна і ўважліва выслухаюць. Калі нас ёсьць каму выслухаць, мы можам пераадолець цяжкасьці, пазбавіцца эмацыйнага цяжару і мысьліць больш ясна.

Прыўносьце лёгкасьць і сьмех. Большая частка актывісцкай працы — сапраўды цяжкая. Пазытыўнае стаўленьне дапаможа сфакусавацца на тым, што дае надзею і ўстойлівасьць. Сьмех — здаровы спосаб пазбавіцца страху і напружаньня, і наогул гэта весела.

Захоўвайце спакой. Так —так, гучыць як пачатак таго надакучлівага мэма, але гэта сапраўды важна. Калі навокал барацьба і хаос, спакойныя людзі забясьпечваюць сябе месцам для адпачынку і аднаўленьня. Цьвёрда стоячы на нагах і не паддаючыся ўзьдзеяньню драматычных падзеяў, вы можаце стаць для кагосьці ціхай гаваньню ў часе шторму.

Дзякуйце. Часта актывісты так хутка ўвязваюцца ў новую бойку, што ня маюць часу адсьвяткаваць посьпехі папярэдняй. Прызнаваць і дзякаваць людзям за іх цяжкую працу і дасягненьні — надзейны спосаб засьцерагчы іх ад выгараньня.

Шануйце чалавека, а ня толькі яго працу. Капіталізм абыходзіцца зь людзьмі так, быццам іх каштоўнасьць залежыць ад іх вытворчасьці. Шматлікія суполкі актывістаў робяць тое самае. Каб радыкальна зьмяніць такое стаўленьне, часам дастаткова спытаць у чалавека, як ён маецца і што адбываецца ў яго жыцьці апрача грамадзкай актыўнасьці.

Дзяліцеся навыкамі і рэсурсамі. Калі вы ведаеце ці маеце нешта, што дапаможа іншым грамадзкім групам, не хавайце гэта. Аб’ядноўвайце людзей з агульнымі праблемамі або ўзаемадапаўняльнымі ўменьнямі. Шануйце адукацыю і разьвіцьцё, а таксама заахвочвайце іншых да гэтага.

Прапануйце практычную дапамогу. Часам самае карыснае, што можна зрабіць для людзей у часе актыўнай кампаніі, гэта дапамагчы ім простай справай. Прыгатуйце ежу, выканайце маленькае даручэньне, пазычце абсталяваньне (напрыклад, аўто), дапамажыце грашыма кампаніі або непасрэдна гэтым людзям. Калі гэта мае сэнс, далучыцеся да кампаніі і ахвяруйце сваім часам.

Пытайцеся. “Што я магу зрабіць, каб дапамагчы табе? Якая падтрымка сапраўды зьменіць штосьці для цябе ў дадзеных абставінах?”.

Турбуйцеся пра сябе. Каб дапамагаць іншым, вы павінны быць у добрай форме — дапамагаць іншым за кошт асабістага здароўя няправільна. Усталюйце межы наконт таго, што вы можаце прапанаваць, і выбудоўвайце ўзаемнасьць вашых адносінаў. Выкарыстоўвайце гэты сьпіс да сябе: паважайце сябе, клапаціцеся пра сябе, прыслухоўвайцеся да сябе.

Паводле тэксту Holly Hammond з блога Plan to Thrive

Пераклад Юліі Маклюк