У Менску абмеркавалі праблемы і выклікі рэгіянальных няўрадавых арганізацыяў

21/09/2015

18 верасьня Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў правяла круглы стол “Разьвіцьцё структураў грамадзянскай супольнасьці ў рэгіёнах Беларусі: патэнцыял, праблемы і выклікі”. Больш за 20 лідэраў грамадзянскай супольнасьці сустрэліся, каб падзяліцца лякальнымі гісторыямі посьпеху.

Мерапрыемства зьяўлялася трэцім цыклем сустрэчаў экспэртаў і лідэраў няўрадавых арганізацыяў з мэтай распрацоўкі рэкамэндацыяў для НДА. Ужо выпрацаваныя рэкамэндацыі адукацыйным і культурніцкім НДА, якія могуць дапамагчы маладым ініцыятывам, якія толькі распачынаюць сваю дзейнасьць ці жадаюць яе палепшыць.

У часе сустрэчы прагучалі даклады Алы Шыцікавай “Пасьпяховыя практыкі грамадзкай арганізацыі “Сяльчанка” ў галіне ўстойлівага разьвіцьця вёскі Залесьсе”, Ігара Казьмерчака “Аршанскія НДА. Пасьпяховая дзейнасьць”, Вольгі Харламавай “Станоўчыя практыкі ўзаемадзеяньня зь мясцовымі ўладамі Сьвіслачы”, Уладзімера Булаўскага “Vitebsk4me як культурніцкая зьява” і Сяргея Салаша “Стварэньне альтэрнатыўных канцэпцыяў разьвіцьця Барысава (рэгенэрацыя архітэктурных ляндшафтаў)”.

rehijakanalnyKS2

Віктар Клімус зь Берасьцейскай культурніцкай ініцыятывы “Грунт” у сваім выступе засяродзіўся на магчымасьцях і выкліках для культурніцкіх ініцыятываў, чым задаў сустрэчы дыскусійны характар. Пытаньне, якое надалей застаецца адкрытым — супраца рэгіянальных НДА зь мясцовымі ўладамі.

Паводле Клімуса, задача няўрадавых арганізацыяў — несьці свой пасыл у грамадзтва, не зважаючы на тое, што ўлады часта прысвойваюць сабе заслугі грамадзянскай супольнасьці, а мясцовыя газэты замоўчваюць імя сапраўдных арганізатараў падзеі.

Алена Аўтушка, кіраўнічка Барысаўскай жаночай арганізацыі “Правінцыя”, адзначыла, што калі НДА пагаджаюцца з тым, што іх не называць арганізатарамі, яны такім чынам сваімі рэсурсамі, ідэямі ствараюць пазытыўны імідж чынавенству, якое з задавальненьнем “прымазваецца” да ўдалых мерапрыемстваў, якія ладзіць грамадзянская супольнасьць.

Дырэктар гомельскага “Цэнтру рэгіянальнага разьвіцьця ГДФ” Пётар Кузьняцоў прыгадаў выпадкі са свайго досьведу, калі ўлады ўмешваліся ў дзейнасьць НДА (напрыклад, пры арганізацыі гомельскіх фрымаркетаў), перахоплівалі ініцыятыву, а пасьля ўвогуле выключалі з працэсу арганізацыі грамадзянскай супольнасьці.

На думку Кузьняцова, зараз рэгіянальныя арганізацыі маюць праблему ня толькі з прыпісаньнем уладамі посьпеху іншых, але і з тым, што яны здольныя загубіць выдатную ініцыятыву ці ідэю.

У Менску абмеркавалі праблемы і выклікі рэгіянальных няўрадавых арганізацыяў

Падводзячы вынікі круглага стала “Разьвіцьцё структураў грамадзянскай супольнасьці ў рэгіёнах Беларусі: патэнцыял, праблемы і выклікі” варта адзначыць, што ўсе дакладчыкі засьведчылі, што дзеля дасягненьня посьпеху патрэбная самаарганізацыя і добрая камандная праца.

Досьвед лідэраў грамадзянскай супольнасьці паказаў, што пры распрацоўцы і плянаваньні дзейнасьці арганізацыі мусяць добра ведаць мясцовую праблематыку і запыты мэтавай групы, а таксама працаваць са зваротамі і чаканьнямі пэўных колаў насельніцтва. Бяз веданьня сытуацыі і патрэбаў, немагчыма штосьці прыдумаць і рэалізаваць на мясцовым узроўні. Безумоўна, праца арганізацыяў мусіць будавацца на аналітычных распрацоўках.

Паводле ўдзельнікаў мерапрыемства, пасьпяховыя рэгіянальныя НДА бяруць да ўвагі фактар мясцовых уладаў (супрацоўнічаюць з чыноўнікамі, або іх ігнаруюць). Досьвед Ігара Казьмерчака і Сяргея Салаша паказвае, што ў Воршы і Барысаве з уладамі немагчыма супрацоўнічаць, але рэгіянальныя лідэры могуць чакаць, што чыноўнікі адрэагуюць на пэўную праблему, калі яна будзе ўзьнята.

Лякальным супольнасьцям варта вырашаць свае праблемы праз рэзананс, лічаць рэгіянальныя лідэры. Адзначым, што апошнім часам шматлікія арганізацыі пачалі надаваць усё больш увагі мэдыйнай дзейнасьці. Тым арганізацыям, якія маюць у сваім рэгіёне эфэктыўныя рэгіянальныя мэдыя, варта наладжваць зь імі сталую супрацу.

Па выніках круглага стала на старонцы Асамблеі НДА у хуткім часе будуць апублікаваныя рэкамэндацыі беларускаму грамадзкаму сэктару і рэгіянальным ініцыятывам. А пакуль раім сваім чытачам зьвярнуць увагу на рэкамэндацыі актывістам НДА, якія былі распрацаваныя нашымі экспэртамі ў 2014 годзе.