У Віцебска зьявіўся свой альфабэт

01/12/2015

На заклік актывістаў віцьбічы даслалі 250 гарадзкіх фэномэнаў, якія аб’ядналі ва ўнікальны каталёг “Віцебскі Альфабэт”. Запрашаем на прэзэнтацыю!

Па словах стваральнікаў каталёгу, “Віцебскі альфабэт” паўстаў дзякуючы актыўнаму ўдзелу гараджанаў. Прапановы мелі самы розны характар, часам на мяжы фарса. Найбольш вартыя зь іх адабрала прафэсійнае журы.

Задачай “Віцебскага альфабэту” было вылучыць самыя моцныя віцебскія вобразы. Структура беларускай абэцэды зрабіла кожную адметнасьць выразнай і заўважнай, самай-самай, хаця і ўнесла шэраг праблемаў.

Як ініцыятары ідэі спраўляліся зь літарамі Й, Ы, альбо, чаму славуты віцебскі фатограф Сігізмунд Юркоўскі апынуўся пад літарай О — чытайце ва Ўводзінах да электроннага каталёга “Віцебскі альфабэт”.

Артыкулы паводле адабраных фэномэнаў пісалі: віцебскія гісторыкі Людзьміла Хмяльніцкая, Максім Каралёў і Мікалай Півавар; музэйныя спэцыялісты Вольга Давідоўская, Настасься Трафімчык і Дзяніс Якаўлеў; краязнаўцы Віктар Барысенкаў, Станіслаў Валуй, Раман Воранаў і Ўладзімер Булаўскі; мастацтвазнаўца Міхась Цыбульскі; архівіст Канстанцін Карпекін.

Электронны каталог зьвярстаны дызайнэрам Ігарам Юхневічам. Фатограф Аляксандра Гарлачова-Русалоўская зрабіла фотаздымкі адмыслова для гэтага праекта.

Прэзэнтацыя “Віцебскага альфабэту” пройдзе ў чацьвер 3 сьнежня ў зале Арт-прасторы “Талстога 7” (г. Віцебск, вул. Талстога, 7). Пачатак а 17-й гадзіне.