10 падзеяў грамадзянскай супольнасьці 2016 году па вэрсіі Pact

30/12/2016

Пяты год запар Pact прадстаўляе сваю вэрсію Топ-10 грамадзянскай супольнасьці: намінацыі не зьяўляюцца пастаяннымі, а штогод падкрэсьліваюць найбольш выбітныя зьмены, якія былі ініцыяваныя трэцім сэктарам і якія паўплывалі на жыцьцё краіны і асобных супольнасьцяў.

Грамадскія Ініцыятывы Года: Press Club Belarus і Інтэлектуальны клуб Святланы Алексіевіч

У сакавіку 2016 года адбылося афіцыйнае адкрыццё Press Club Belarus у Мінску. Ад самага пачатку дзейнасці Press Club арганізуе на сваёй пляцоўцы шматлікія імпрэзы для абмену ідэямі і думкамі паміж журналістамі, палітыкамі і іншымі экспертамі. Pact таксама адзначае пачатак яшчэ адной новай грамадскай ініцыятывы – у снежні 2016 года нобелеўская лаўрэатка па літаратуры Святлана Алексіевіч зладзіла першае пасяджэнне Інтэлектуальнага клуба, каб “глядзець на рэчы значна глыбей”. Галерэя TUT.BY здолела прыняць толькі 200 слухачоў з 600 зарэгістраваных на сустрэчу.

Падзеі (і) Года: Мінскі Дыялог TrackII платформа

У 2016 годзе экспертная Track-II (няўрадавая) платформа “Мінскі Дыялог” арганізавала шэраг дыскусійных мерапрыемстваў па надзённых глабальных выкліках і наладжванню міжнароднага супрацоўніцтва, у т.л. абмеркаванне вынікаў Мінскіх пагадненняў па сітуацыі ва Украіне, агульнаеўрапейскія інтэграцыйныя працэсы, замарожаныя канфлікты на постсавецкай прасторы, 25 год пасля развалу СССР і інш. Чыноўнікі, дыпламаты і эксперты найвышэйшага рангу, у тым ліку кіраўнік беларускага МЗС, міністр Еўразійскай эканамічнай камісіі, кіраўніца Прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі,  бралі ўдзел у “Мінскім Дыялогу”.

Лакальная Ініцыятыва Года: Шоў “Горад”

Праект “Горад” стаў першым рэаліці шоў у Беларусі, які зрабіў спробу прадставіць грамадскі актывізм у папулярным фармаце для ўцягнення насельніцтва ў жыццё сваіх супольнасцей. Пад час праекта лакальныя лідэры праходзілі інтэнсіўнае навучанне і ўвасаблялі свае ідэі ў супольнасцях – увесь працэс адлюстраваны ў 11 відэа эпізодах. Аўтар ідэі “Горада”, Цэнтр культурнага менеджмента распачынае другі сезон праекта ў наступным годзе.

Фандрайзінг Года: Часопіс “Имена”

Онлайн часопіс “Имена” распачаў сваю дзейнасць у красавіку 2016 года і стаў першым беларускім медыя, якое цалкам фінансуецца за кошт чытачоў. Гісторыі, які публікуе часопіс пра тых, хто мае патрэбу ў дапамозе, маюць шырокі рэзананс і знаходзяць падтрымку ў грамадстве. Збіраючы грошы праз платформу Talaka.by, “Имена” ўсталяваў як сама мала два краўдфандынгавыя рэкорды – болей за 20 тысяч даляраў на ўласную дзейнасць часопіса і 34,6 тысяч даляраў на закупку энтэральнага харчавання ў дзіцячы інтэрнат.

Палітычная Падзея Года: Прадстаўнікі апазіцыі ў Парламенце

Упершыню за апошнія 12 год дзве прадстаўніцы дэмакратычных сіл сталі дэпутаткамі Палаты Прадстаўнікоў Беларусі – Ганна Канапацкая з Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Алена Анісім з Таварыства беларускай мовы. Яны з’яўляюцца адзінымі прадстаўніцамі апазіцыі сярод 110 дэпутатаў Парламента, абраных у верасні 2016 года. Аналітыкі мяркуюць, што Аляксандр Лукашэнка дазволіў прызначыць двух незалежных дэпутатаў праз ціск Захаду.

Дзяржаўны “Фандрайзінг”  Года: Штрафы актывістам

Паводзе дадзеных праваабарончага цэнтра “Вясна”, у 2016 годзе беларускія суды прысудзілі грамадскім актывістам і незалежным журналістам 415 штрафаў на агульную суму 148 тысяч даляраў – гэта ў 3,5 разы болей, чым летась. Такое заўважнае павелічэнне ў штрафах звязваюць з новай тактыкай беларускіх уладаў, якія замест адміністратыўных арыштаў выкарыстоўваюць фінансавае пакаранне супраць удзельнікаў пратэстаў і журналістаў, тым самым не правакуючы рэзкую рэакцыю з боку Захаду.

Даследчы Цэнтр Года: BEROC

У 2016 году Беларускі эканамічны даследча-адукацыйны цэнтр (BEROC) узначаліў рэйтынг беларускіх даследчых цэнтраў. Рэйтынг, які ладзіцца другі год запар Беларускай даследчай Радай (BRC), ацэньвае даследчыя цэнтры паводле трох параметраў – арганізацыйны патэнцыял, інфармацыйны ахоп і аналітыка-даследчая дзейнасць. Лідэрская пазіцыя BEROC звязаная ў тым ліку з ягонай прапрацаванай і шырокай даследча-адукацыйнай праграмай.

Трэнд Года: Інтэнсіўныя кантакты паміж дзяржавай і грамадзянскай супольнасцю

2016 год адзначыўся заўважнай інтэнсіўнасцю ў міжсектаральным узаемадзеянні. Публічныя імпрэзы арганізацый грамадзянскай супольнасці наведвалі высокія чыноўнікі: прэм’ер-міністр адкрываў 1-й Беларускі Форум, саарганізатарам якога выступіў BISS; намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта і першы намеснік міністра эканомікі ўдзельнічалі ў 4-м Кастрычніцкім эканамічным форуме, КЕФ і інш. Шэраг міжсектаральных кансультацый і падзей адбыўся па тэме правоў чалавека: скасаванне смяротнага пакарання, маніторынг міліцыі, прыняцце нацыянальнага плана па правах чалавека. Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці сустракаліся з кіраўнікамі МЗС і Міністэрства інфармацыі.

Валанцёрская Ініцыятыва Года: Экалагічная акцыя “Зробім”!

9 красавіка 2016 года акцыя па збору смецця “Зробім!” прыцягнула рэкордную колькасць удзельнікаў – 22,700 валанцёраў з 43 беларускіх гарадоў і вёсак прыбіралі  звалкі ў лясах, парках, рэках. У Беларусі акцыі ў межах глабальнай кампаніі «Let`s Do It!» распачаліся ў 2012 годзе; арганізатары акцыі — Таварыства «Зялёная сетка», Цэнтр экалагічных рашэнняў, фонд «Інтэракцыя», Мінскае роварнае таварыства і дзяржаўныя структуры.

І Нешта Зусім Незвычайнае: Першы беларускі мільярдэр

У 2016 годзе ў Беларусі з’явіўся першы афіцыйны даляравы мільярдэр – ім стаў стваральнік папулярнай онлайн гульні World of Tanks Віктар Кіслы. Па ацэнках Bloomberg, маёмасць 39-гадовага заснавальнік Wargaming дасягнула больш за 1 мільярд даляраў, а сама кампанія ацэньваецца ў 1,5 мільярды даляраў.