13 грамадзкіх структураў падтрымалі конкурс праектаў, прысьвечаны Курапатам

16/03/2016

10 сакавіка прадстаўнікі грамадзянскай ініцыятывы “Экспэрты ў абарону Курапатаў” абвясьцілі творчы конкурс ідэяў і праектаў, прысьвечаны ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў.

Актывісты ініцыятывы гэтым конкурсам жадаюць падштурхнуць грамадзтва да ідэі пакаяньня за вольны або вымушаны ўдзел у злачынствах таталітарнага рэжыму.

“Мы вырашылі правесьці ня проста конкурс праектаў мэмарыялу, як гэта было ў 1990-я гады, — паведаміў распрацоўшчык умоваў конкурсу культуроляг Вацлаў Арэшка ў інтэрвію БелаПАН. — Пасьля леташняй выставы па Курапатах мы ўбачылі, колькі цікавых работ можа зьявіцца ў мастакоў, а ў пэрспэктыве і ў творцаў у іншых відах мастацтва, пісьменьнікаў”.

Акрамя архітэктурных праектаў па мэмарыялізацыі Курапатаў, арганізатары конкурсу чакаюць ад удзельнікаў макеты скульптураў, маляўнічыя палотны, творы графікі і фотаграфікі, арт-аб’екты і відэаінсталяцыі. Конкурсныя працы могуць быць прысьвечаныя Курапатам як народнаму мэмарыялу, гістарычнай памяці і пакаяньню, трагедыі беларускага народу і асобнага чалавека, які стаў ахвярай рэпрэсіўнай палітычнай сыстэмы савецкага пэрыяду.

Працы прымаюцца да 31 жніўня. Журы конкурсу да 15 кастрычніка адбярэ шэраг работ, якія пасьля будуць выстаўлены на другой дакумэнтальна-мастацкай выставе “Праўда пра Курапаты”.

У бліжэйшы час будзе абнародавана кантактная інфармацыя, а таксама адрасы, на якія ўдзельнікі змогуць высылаць свае працы.

Дапамагчы з арганізацыяй конкурсу пагадзіліся прадстаўнікі суполкі “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў, Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Саюз беларускіх пісьменьнікаў, Беларуская асацыяцыя ахвяр палітычных рэпрэсіяў, грамадзкія аб’яднаньні “Хрысьціянская злучанасьць “Курапаты”, “Дыярыюш” і Цэнтар “Супольнасьць”, грамадзкі электронны архіў “Вытокі”, Прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП), “Арт Сядзіба”, а таксама праваабарончы цэнтар “Вясна”.

Прадстаўнікі ініцыятывы  “Экспэрты ў абарону Курапатаў” маюць намер запрасіць да супрацоўніцтва Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, Раду беларускай інтэлігенцыі і міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне “Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”.