Ад кінатэатру на вуліцы да дапамогі птушкам. У Магілёве выпускнікі “Цяпліцы” рэалізуюць 5 праектаў

04/04/2016

Першы выпускны школы гарадзкіх ініцыятываў “Цяпліца” прайшоў у Магілёве. На працягу 5 месяцаў больш за 20 удзельнікаў праекту слухалі лектараў, ладзілі мазгавыя штурмы і прыдумлялі, як зрабіць горад лепш. Вынік працы — 5 праектаў, на рэалізацыю якіх адвялі 2-3 месяцы.

Ад кінатэатру на вуліцы да дапамогі птушкам. У Магілёве выпускнікі “Цяпліцы” рэалізуюць 5 праектаў

“За гэты час удзельнікі “Цяпліцы” прыдумалі каля сотні ідэяў, але на фінальнае галасаваньне мы вынесьлі толькі 23 — тыя, якія рэальна ўвасобіць у жыцьцё без прыцягненьня вялікіх сродкаў, — патлумачыла мэнтарка “Цяпліцы” і ўдзельніца Цэнтру гарадзкіх ініцыятываў Натальля Драгальчук. — У большасьці выпадкаў дастаткова валянтэрскай дапамогі і водгуку гараджанаў. У выніку перамаглі 5 праектаў, рэалізацыяй якіх будуць займацца выпускнікі “Цяпліцы”, а дапамагаць ім будзе Цэнтар гарадзкіх ініцыятываў.”

Ад кінатэатру на вуліцы да дапамогі птушкам. У Магілёве выпускнікі “Цяпліцы” рэалізуюць 5 праектаў

Праект “Веды бяз межаў” — гэта лекцыі пад адкрытым небам, якія будуць чытаць прафэсары, спэцыялісты, выкладчыкі. Але лекцыі будуць непадобныя да тых, да якіх прызвычаіліся, напрыклад, ва ўнівэрсытэце. Стаць слухачом можа кожны. Лектараў і тэмы лекцыяў вызначаць крыху пазьней.

Ад кінатэатру на вуліцы да дапамогі птушкам. У Магілёве выпускнікі “Цяпліцы” рэалізуюць 5 праектаў

Таксама ў Магілёве маюць намер стварыць алею ўнікальных кармушак і шпакоўняў для дробных птушак. Па словах аўтараў праекту Птушкі ў Магілёве, дробныя птушкі ў горадзе пакутуюць з-за суседзтва з больш буйнымі відамі — галубамі, варонамі, чайкамі, а значыць, іх папуляцыя памяншаецца. Пасьля кансультацыі са спэцыялістамі арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” хлопцы вызначылі месцы, дзе разьмесьцяць шпакоўні і кармушкі.

Праект Гарадзкія джунглі прадугледжвае стварэньне яркіх кветкавых клюмбаў у дварах шматпавярховікаў. Выпускнікі “Цяпліцы” мяркуюць, што гэтая ідэя прыцягне мноства магілёўцаў, а таксама знойдзе падтрымку ў камунальнікаў.

Ад кінатэатру на вуліцы да дапамогі птушкам. У Магілёве выпускнікі “Цяпліцы” рэалізуюць 5 праектаў

У Магілёве зьявіцца сьцяна Я жадаю”. На ёй гараджане змогуць напісаць свае мары. Аўтары праекту ўпэўненыя: выказваньне сваіх жаданьняў дапаможа марам магілёўцаў ажыцьцявіцца, а сьцяна стане прывабным арт-аб’ектам.

Мабыць, самым чаканым праектам стане “Кінатэатар пад адкрытым небам”. Яго адкрыюць на пляцоўцы ля Дома культуры завода імя Кірава. Праект гатовы напалову. Аўтары ідэі маюць намер рэалізаваць яе напрыканцы траўня, калі надвор’е стане стабільна цёплым. Гледачы змогуць ня толькі паглядзець фільм, але і разам абмеркаваць яго.

“Мы задаволеныя тым, як прайшоў першы “навучальны год” у школе гарадзкіх ініцыятываў “Цяпліца”, — распавёў кіраўнік Цэнтру гарадзкіх ініцыятываў Юры Стукалаў. — Моладзі спадабалася, яна гарыць жаданьнем увасобіць у жыцьцё свае ідэі. Думаю, будзе наступны набор у “Цяпліцу”. Галоўнае — жаданьне гараджанаў рабіць Магілёў лепшым”.

“Цяпліца” — гэта сэрыя сустрэчаў і лекцыяў, якія дапамогуць неабыякавым гараджанам стаць больш ініцыятыўнымі і актыўнымі ўдзельнікамі гарадзкога жыцьця, стаць рухаючай сілай падзеяў і працэсаў па паляпшэньні жыцьця ў горадзе. Праект стартаваў у Магілёве ў лістападзе 2015 году.

Фота Анжалікі Васілеўскай, TUT.BY