Апублікаваная аналітычная нататка пра фінансавыя ўмовы дзейнасьці НКА

19/12/2016

Экспэрты падрыхтавалі аналітычны дакумэнт, каб зьменшыць выпадкі парушэньняў некамэрцыйнымі арганізацыямі беларускага заканадаўства.

З чэрвеня па сьнежань 2016 году Цэнтар прававой трансфармацыі і Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі правялі 7 сэмінараў-кансультацыяў па пытаньнях стварэньня, рэгістрацыі і фінансавай дзейнасьці некамэрцыйных арганізацыяў. Мерапрыемствы ладзіліся ў Менску і ў абласных цэнтрах. У сэмінарах прынялі ўдзел 142 прадстаўнікі арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці як з ужо зарэгістраваных структураў, так і з тых ініцыятываў, што маюць намер атрымаць статус юрыдычнай асобы.

Сэмінары-кансультацыі мелі практычны характар: удзельнікі і ўдзельніцы мелі магчымасьць задаць пытаньні экспэртам-юрыстам, зьвязаныя з канкрэтнымі прававымі аспэктамі. Поруч з тэмай рэгістрацыі некамэрцыйных арганізацыяў большасьць пытаньняў, якія цікавілі ўдзельнікаў, палягалі ў галіне фінансавай дзейнасьці некамэрцыйных арганізацыяў.

На падставе праведзеных сэмінараў-кансультацыяў экспэрты Цэнтра прававой трансфармацыі склалі аналітычную нататку з мэтай абагульніць найбольш распаўсюджаныя пытаньні ўдзельнікаў сэмінараў і даць пісьмовыя адказы на іх для зьмяншэньня выпадкаў парушэньня заканадаўства з боку некамэрцыйных арганізацыяў.

У апублікаванай нататцы адлюстраваныя пытаньні магчымых крыніцаў фінансаваньня некамэрцыйнай арганізацыі, асобна разгледжаныя пытаньні афармленьня сяброўскіх унёскаў, ахвяраваньняў, бязвыплатнай спонсарскай дапамогі, замежнай бязвыплатнай дапамогі. Таксама закранутыя пытаньні ажыцьцяўленьня некамэрцыйнымі арганізацыямі прадпрымальніцкай дзейнасьці, наладжваньня бухгальтарскага ўліку ў арганізацыі, афармленьня стасункаў з валянтэрамі і валянтэркамі, сьпісаньня асноўных сродкаў, атрыманьня права на ўжываньне паніжальнага каэфіцыенту да базавай стаўкі арэнднай платы.

Дакумэнт пакліканы стаць практычным дапаможнікам для належнага прававога афармленьня дзейнасьці некамэрцыйных арганізацыяў па стварэньні матэрыяльнага падмурку для іх працы.

Спампаваць Аналітычную нататку пра фінансавыя ўмовы дзейнасьці НКА цалкам.