Псыхалёгія і прававыя веды — у новай брашуры Асамблеі НДА

05/01/2016

Асамблея НДА у супрацоўніцтве з экспэртамі-праваабаронцамі выдала брашуру “Грамадзянін і правапарадак. Прававыя і псыхалягічныя аспэкты”. 

У выданьні ўтрымліваюцца вытрымкі з Канстытуцыі РБ, артыкулаў Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях і камэнтары да іх, а таксама ўзоры працэсуальных дакумэнтаў (скаргаў, заяваў, хадайніцтваў).

У брашуры таксама выкладзеная сыстэма псыхалягічнай абароны і камунікацыі пры сутыкненьні з праваахоўнымі органамі.

Як паведамілі арганізатары майстар-клясы, падобнае навучаньне праводзілася з 2000-х гадоў Барысам Ігаравічам Звозскавым. Навучаньне аказалася вельмі запатрабаваным у Беларусі, на абвесткі пра падобныя майстар-клясы зьбіраюцца поўныя залі.

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў у сьнежні 2015 году правяла майстар-клясу “Абарона правоў арганізацыяў і актывістаў: Грамадзянін і правапарадак. Практычныя парады” з ужо ўдасканаленымі мэтодыкамі для сваёй аўдыторыі.

Адмыслова для тых, хто ня трапіў на навучаньне, арганізатары мерапрыемства падрыхтавалі выданьне “Грамадзянін і правапарадак. Прававыя і псыхалягічныя аспэкты”, выкладзенае па матэрыялах трэнінгу.

Інтэрнэт-выданьне будзе карыснае тым маладым актывістам , якія могуць сутыкнуцца з праваахоўнымі органамі. Аўтары брашуры спадзяюцца, што дзякуючы прачытанаму актывісты не разгубяцца і будуць правільна сябе паводзіць пры стасунках з прадстаўнікамі органаў унутраных справаў, а таксама дзейнічаць у межах заканадаўства.

Выданьне “Грамадзянін і правапарадак. Прававыя і псыхалягічныя аспэкты”на расейскай мове можна паглядзець на нашым сайце, або спампаваць тут.