Апублікаваны дапаможнік па рэгістрацыі і дзейнасьці НДА у краінах Эўропы

25/01/2016

Аўтары раскрываюць прававыя аспэкты стварэньня і дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў у васьмі замежных краінах з пункту гледжаньня рэгістрацыі там арганізацыяў c замежнымі заснавальнікамі.

Выданьне “Дапаможнік па рэгістрацыі і дзейнасьці арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці: параўнальна-прававыя аспэкты” падрыхтаванае Эўрапейскім цэнтрам некамэрцыйнага права (ECNL) на замову Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі і Цэнтру прававой трансфармацыі (Менск, Беларусь).

Імпульсам да стварэньня гэтага дапаможніка стала нарастальная інтэрнацыяналізацыя грамадзянскай супольнасьці ў Эўропе: усё часьцей НДА рэгіструюцца ў тых юрысдыкцыях, дзе палітыка-прававы клімат, умовы фінансаваньня, рэжым падаткаабкладаньня і іншыя рамачныя ўмовы спрыяюць іх дзейнасьці. Асабліва актуальнай гэтая тэма ёсьць для краінаў зь неспрыяльнымі ўмовамі для стварэньня і дзейнасьці НДА — у апошні час арганізацыі зь Беларусі актыўна пераносяць некаторыя элемэнты сваёй дзейнасьці за мяжу, рэгіструючы некамэрцыйныя юрыдычныя асобы ў Літве, Польшчы, Чэхіі і іншых краінах.

Дапаможнік закліканы даць зацікаўленым асобам магчымасьць параўнаньня ўмоваў стварэньня і дзейнасьці НДА, што засноўваюцца ў тым ліку і замежнікамі, у Чэхіі, Эстоніі, Літве, Польшчы, Расеі, Славаччыне, Швэцыі, Украіне. Інфармацыя была сабраная ў 2014-2015 гадох шляхам дасьледаваньня нарматыўна-прававых актаў адпаведных краін з наступнымі кансультацыямі зь мясцовымі экспэртамі.

У выданьні прадстаўлена інфармацыя аб існуючых у гэтых краінах арганізацыйна-прававых формах некамэрцыйных арганізацыяў, пра патрабаваньні да заснавальнікаў і магчымасьці выступіць у якасьці заснавальніка або кіраўніка новай арганізацыі замежнай асобе, аб працэдурах рэгістрацыі і ліквідацыі, аб прамых і ўскосных выдатках у сувязі з рэгістрацыяй, аб патрабаваньнях да ўнутранай структуры кіраваньня і арганізацыі бухгалтарскага ўліку. Асаблівая ўвага нададзена магчымасьцям атрыманьня ўнутранага і замежнага фінансаваньня НДА, іх падаткаабкладаньні і справаздачнасьці.

Дзякуючы гэтай інфармацыі на аснове параўнаньня васьмі краінаў па ключавых парамэтрах можна выбраць тую юрысдыкцыю, якая з прававога альбо тэхнічнага боку найбольш адпавядае патрэбам канкрэтнага суб’екта, які шукае краіну базаваньня для сваёй некамэрцыйнай арганізацыі.

“Дапаможнік па рэгістрацыі і дзейнасьці арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці: параўнальна-прававыя аспэкты” можна спампаваць цалкам на беларускай, расейскай, і ангельскай мовах.

Чытаць Дапаможнік па частках: ЛітваПольшчаРасеяСлаваччынаУкраінаЧэхія, Швэцыя, Эстонія.