Апублікаваны маніторынг па свабодзе асацыяцыяў за I квартал 2016 году

06/05/2016

Асамблея НДА і Цэнтар прававой трансфармацыі падрыхтавалі маніторынг “Свабода асацыяцыяў і прававы стан некамэрцыйных арганізацыяў у Беларусі” за першы квартал 2016 году. Пэрыяд агляду: 1 студзеня — 31 сакавіка.

Аўтары маніторынгу асьвятляюць найбольш важныя падзеі ў галіне свабоды асацыяцыяў за апошнія 3 месяцы, такія як:

— Дэкрэт прэзыдэнта №5 “Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе”, які набыў моц 4 сакавіка 2016 году.

— Грамадзкае абмеркаваньне праекту закону “Аб абыходжаньні з жывёламі”, які, сярод астатняга, прадугледжвае ўрэгуляваньне валянтэрскай працы і ўводзіць панятак валянтэра.

— Заплянаваныя зьмены і дапаўненьні ў закон “Аб сацыяльным абслугоўваньні”, у тым ліку ў частцы дзяржаўнай сацыяльнай замовы.

Спасылаючыся на Міністэрства юстыцыі маніторынг паведамляе, што на 1 студзеня 2016 году ў краіне зарэгістравана 15 палітычных партыяў, 37 прафэсійных саюзаў, 2665 грамадзкіх аб’яднаньняў, зь іх 225 міжнародных, 716 рэспубліканскіх і 1724 мясцовых, 34 саюзы (асацыяцыі) грамадзкіх аб’яднаньняў, 7 рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадзкіх аб’яднаньняў. Зарэгістравана 1127 партыйных арганізацыяў, 23139 прафсаюзных арганізацыяў і 41011 арганізацыйных структураў грамадзкіх аб’яднаньняў.

Таксама зарэгістраваным статусам у Беларусі валодаюць 164 фонды, зь іх 15 міжнародных, 5 рэспубліканскіх і 144 мясцовых. Юрысты адзначаюць, што ў апошнія некалькі гадоў прырост колькасьці фондаў забясьпечваецца практычна выключна за кошт рэгістрацыі менавіта мясцовых фондаў: рэгістрацыя міжнародных і рэспубліканскіх фондаў фіксуецца 1-2 разы на год і іх агульная колькасьць застаецца практычна нязьменнай.

У пэрыяд маніторынгу зафіксаваны шэраг выпадкаў адмовы ў рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў, зьвязаных зь неправамерным абмежаваньнем свабоды асацыяцыяў.

З розных прычынаў улады адмовілі ў рэгістрацыі: Культурна-асьветніцкаму грамадзкаму аб’яднаньню “Новая альтэрнатыва”; Моладзеваму грамадзкаму аб’яднаньню “Інтэрмарыюм”; Рэспубліканскаму грамадзкаму аб’яднаньню “Хрысьціянска-дэмакратычны рух”, Сацыяльна-асьветніцкаму грамадзкаму аб’яднаньню “Рух салідарнасьці “Разам”; Грамадзкаму аб’яднаньню “Гендэрнае партнэрства”; РДАГА “За дзяржаўнасьць і незалежнасьць!”; у шосты раз Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя.

У тэксьце маніторынга падрабязна разглядаецца выпадак нерэгістрацыі Сацыяльна-асьветніцкага грамадзкага аб’яднаньня “Рух маці 328”.

Згодна меркаваньня юрыстаў Асамблеі НДА і Цэнтру прававой трансфармацыі, дадзенае рашэньне аб адмове ў рэгістрацыі зьяўляецца незаконным і неабгрунтаваным. Больш за тое, яно ўводзіць небясьпечную практыку прыняцьця рашэньняў аб адмове ў рэгістрацыі: практычна любому грамадзкаму аб’яднаньню можна адмовіць у рэгістрацыі з-за неадпаведнасьці назвы, мэтаў, задачаў, прадмета дзейнасьці, грунтуючыся на суб’ектыўных высновах.

Падрабязную інфармацыю глядзіце ў поўным тэксьце маніторынгу “Свабода асацыяцыяў і прававы стан некамэрцыйных арганізацыяў у Беларусі” за першы квартал 2016 году на рускай і ангельскай мовах.