Арганізацыі грамадзянскай супольнасьці Беларусі: 8 тэндэнцыяў 2016 году

30/09/2016

Якім стаў 2016 год для беларускай грамадзянскай супольнасьці? Яркія падзеі, асноўныя трэнды, значныя зьмены і ранейшыя праблемы сэктару абмеркавалі экспэрты ў часе дыскусіі, арганізаванай Міжнародным асьветніцкім грамадзкім аб’яднаньнем “АКТ”.

У 2016 годзе адбыліся разнастайныя і супярэчлівыя падзеі, якія па-рознаму паўплывалі на разьвіцьцё арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці (АГС) Беларусі. Прайшло мноства буйных форумаў і канфэрэнцыяў, арганізаваных АГС; грамадзкія арганізацыі на розных узроўнях прыцягваліся да абмеркаваньня зьменаў у заканадаўства і дыялёгу Беларусі з Эўразьвязам. Мэханізм дзяржаўнага сацыяльнага заказу зьявіўся ў законапраекце “Аб сацыяльна небясьпечных захворваньнях, ВІЧ”. У той жа час набыў моц Дэкрэт №5 “Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе”, які прадугледжвае, часам, невыканальныя для арганізацыяў патрабаваньні да рэгістрацыі дапамогі з-за мяжы, спыніў сваю дзейнасьць Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД).

Важна адзначыць, што ўсе пазытыўныя трэнды, якія адзначаліся ў мінулым годзе, захаваліся і працягнулі сваё разьвіцьцё. Акрамя таго, экспэрты вылучылі наступныя тэндэнцыі разьвіцьця сэктару АГС у 2016 годзе:

Уяўнае пацяпленьне ў стасунках дзяржавы і грамадзянскай супольнасьці. Дзяржава, у тым ліку ва ўмовах агульнага крызысу, у асобных выпадках дэманструе фармалізаванае выкананьне дамоўленасьцяў з АГС і не прадпрымае рэпрэсіўных дзеяньняў у дачыненьні да прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці. Форумы і канфэрэнцыі, якія раней праходзілі за мяжой, пераносяцца ў Беларусь і праходзяць тут без нэгатыўных наступстваў, дзяржаўныя чыноўнікі высокага рангу часьцей удзельнічаюць у буйных мерапрыемствах АГС, міжсэктарны дыялёг пераходзіць на больш высокі ўзровень. Аднак такое пацяпленьне фармальнае і павярхоўнае, бо адносіны дзяржавы ў дачыненьні да грамадзянскай супольнасьці прынцыпова не зьмяніліся, новыя мэханізмы ўзаемадзеяньня, не зьявіліся, а існуючыя (напрыклад, грамадзкія рады) ужо паказалі сваю малую эфэктыўнасьць.

Рост актыўнасьці з боку ініцыятыўных групаў і неасацыяваных актывістаў. У 2016 годзе рэзка павялічылася колькасьць мерапрыемстваў і кампаніяў, арганізаваных і падтрыманых звычайнымі грамадзянамі, якія не належаць да якой-небудзь арганізацыі. Прычым як у сталіцы і абласных гарадах, так і ў малых населеных пунктах. Пры гэтым арганізацыі грамадзянскай супольнасьці ў рэгіёнах слабыя або іх зусім няма.

— Павышэньне цікавасьці да сацыяльнага прадпрымальніцтва з боку грамадзкасьці, донараў і дзяржавы. У 2016 годзе рэзка ўзрасла колькасьць мерапрыемстваў, дыскусіяў і адукацыйных праграмаў, прысьвечаных сацыяльнаму прадпрымальніцтву, павялічыўся аб’ём сродкаў, што выдзяляюцца донарамі на разьвіцьцё сацыяльнага прадпрымальніцтва, і назіралася павышаная ўвага з боку дзяржаўных структураў да сацыяльнага прадпрымальніцтва як да дадатковай крыніцы фінансаваньня.

Усплёск краўдфандынга. Гэты год стаў асабліва прыкметным з пункту гледжаньня папулярнасьці народнага фінансаваньня. Як АГС, так і асобныя ініцыятывы і актыўныя грамадзяне правялі мноства кампаніяў па зборы сродкаў, прычым большасьць зь іх — даволі пасьпяхова.

Мяккая беларусізацыя. “Мяккая беларусізацыі”, якая зарадзілася ў грамадзянскай супольнасьці, стала галоўнай характарыстыкай культурнай палітыкі дзяржавы ў 2016 годзе, распаўсюдзіўшыся на самыя розныя сфэры, уключаючы спорт і працу сілавых структураў.

Узмацненьне гендэрнага мэйнстрымінга. Зьяўленьне адчувальна большай, чым у ранейшыя гады, колькасьці арганізацыяў, ініцыятываў, мерапрыемстваў і праектаў гендэрнай скіраванасьці. Гэта значыць, накіраваных на прасоўваньне правоў жанчын і іх заўважнасьці ва ўсіх сфэрах грамадзтва.

Адмова ад глыбіні зьместу і сэнсу дзейнасьці на карысьць яркіх і модных формаў. У грамадзянскай супольнасьці назіраецца прыкметны рост мерапрыемстваў і падзеяў, накіраваных на прыцягненьне ўвагі мэдыя і шырокай грамадзкасьці да арганізатараў і праблемаў, а не для дасягненьня рэальных вынікаў і зьменаў у грамадзтве.

Установы як арганізацыйна-прававая форма НКА становяцца прывабнымі для людзей і ініцыятыўных групаў, якія перасьледуюць у першую чаргу камэрцыйныя мэты, а не грамадзкую карыснасьць. Такім чынам зьяўляецца ўсё больш установаў, якія па сутнасьці функцыянуюць як бізнэс-арганізацыі і не зьяўляюцца носьбітамі каштоўнасьцяў грамадзянскай супольнасьці, руйнуючы яго.

Нягледзячы на тое, што большасьць зь пералічаных тэндэнцыяў носяць пазытыўны характар, рэальная сытуацыя, у якой дзейнічае грамадзянская супольнасьць Беларусі, утрымлівае мноства фактаў і падзеяў, якія аказваюць нэгатыўны ўплыў на разьвіцьцё сэктара. Зьнешнія ўмовы не спрыяюць разьвіцьцю АГС, праблемы мінулых гадоў, якія ствараюць неапраўданыя складанасьці грамадзянскай супольнасьці, застаюцца нявырашаныя, а ў адказ на любыя станоўчыя зьявы і працэсы адбываюцца падзеі, якія маюць адмоўны эфэкт.

Паводле actngo.info