Бізнэс і НДА. Чым жыве жаночы актывізм у рэгіёнах?

06/09/2016

Удзельніцы ініцыятывы “Жаночая справа” ў жніўні наведалі 5 абласных цэнтраў, каб натхніць дзяўчат на стварэньне ўласнай НДА або бізнэс-праекту. Мы запыталі дзяўчат наколькі пасьпяховай была іх задума, чым жывуць рэгіянальныя актывісткі і якую справу жадаюць увасобіць у жыцьцё.

У рэгіёнах Юлія Малькова, Яна Усціненка, Ганна Шкадун ладзілі воркшопы і дзелавыя сьняданкі. Воркшоп “Асабістая справа” (#Личноедело) мерапрыемства для дзяўчат па эфэктыўным запуску ўласнага праекту, дзе лектаркі дзяліліся сваім досьведам і ведамі. Дарэчы, яны наўмысна не закраналі тэмы рэгістрацыі справы або вядзеньня бухгальтэрыі, пра якія можна даведацца з інтэрнэту. У праграме былі пытаньні мэтаў, камунікацыі з мэдыя і ўладамі, вызначэньня, выхаду на мэтавую аўдыторыю. Дзелавы сьняданак (#Дело_завтрак) меркаваў нефармальныя зносіны. На сьняданку абмяркоўвалі самапрэзэнтацыю, пошук каманды, складанасьці зьмены сфэры дзейнасьці, запуск праекту бяз грошай, падвойную нагрузку, незвычайны адпачынак, фэмінізм і іншае.

“Жаночая справа”

Лектаркі Ганна Шкадун, Яна Усціненка, Юлія Малькова

 

— Цяжка было працаваць з жанчынамі з розных сэктараў: бізнэсу і грамадзянскай супольнасьці? Хто больш зацікавіўся сустрэчамі: тыя, хто плянуюць заняцца бізнэсам ці тыя, хто бачаць сябе ў трэцім сэктары?

— Працаваць было не складана, бо многія інструмэнты запуску свайго праекту перасякаюцца. Як пісьменна паставіць мэты, вызначыць мэтавую аўдыторыю і прадставіць прадукт грамадзкасьці — важна для любой справы. На нашых сустрэчах былі дзяўчаткі, дзяўчаты, жанчыны з усіх сэктараў, ня кажучы ўжо пра камэрцыйны або грамадзкі. Усе былі аб’яднаныя ідэяй зрабіць нешта сваё ці сумеснае, падзяліцца досьведам або знайсьці падтрымку. Большасьць бачыла сябе ў бізнэсе, аднак гэта было хутчэй сацыяльнае прадпрымальніцтва, чым клясычны бізнэс-праект.

“Жаночая справа”

— Ці існуе попыт на падобныя мерапрыемствы? Якая аўдыторыя пераважна рэгістравалася на сустрэчы?

— На сьняданкі прыходзіла менш дзяўчат, чым на воркшопы. Што цалкам зразумела: раніца, праца, адсутнасьць канкрэтнай праграмы. Праводзячы сьняданкі, мы ставілі перад сабой мэту пракансультаваць дзяўчат, бліжэй пазнаёміцца і перазнаёміць іх паміж сабой. У Берасьці, напрыклад, у часе сьняданку бізнэс-ледзі самаарганізаваліся і вырашылі рэгулярна праводзіць сумесныя сустрэчы. У Горадні сьняданак адрозніваўся тым, што мы больш абмяркоўвалі грамадзкія праекты, якія ўдзельніцы жадалі рэалізаваць у бліжэйшым часе. Гэта былі ініцыятывы, зьвязаныя з пасадкай сквера, арганізацыя адукацыйных курсаў для абітурыентаў і абітурыентак з малазабясьпечаных сем’яў, стварэньне групы падтрымкі для жанчынаў, якія апынуліся ў складаных сытуацыях і іншыя.

“Жаночая справа”

— Як можаце ацаніць актыўнасьць жанчынаў у рэгіёнах? Чым бы яны хацелі займацца? Ці адрозьніваюцца жанчыны з розных гарадоў сваімі ідэямі і актыўнасьцю?

— У цэлым асаблівых адрозьненьняў няма. Многія ідэі праектаў узьнікаюць з уласнай патрэбы ў сэрвісе / прадукце, якіх яшчэ няма на рынку, ці дзякуючы жаданьню дапамагчы іншым. Сярод перашкодаў, якія называюць дзяўчаты, вядома, адсутнасьць фінансавых магчымасьцяў, але акрамя таго няўпэўненасьць у сабе ці недахоп спэцыяльных ведаў.

— Ці можаце ўзгадаць цікавыя ідэі, задумы актывістак, якія наведвалі сустрэчы?

— Ідэяў было шмат і ўсе зь іх унікальныя. Гэта і адкрыцьцё кнігарні для дзяцей, і стварэньне антыкафэ ў вёсцы, і запуск дызайн-студыі, паліграфіі. Больш за ўсё ўразіў дзеючы сацыяльны праект у Магілёве “Дзёньнічак будучай маці”, які ўключае інфармацыйныя і рэклямныя кампанэнты. Яркая кніжка ўжо стала своеасаблівым сымбалем клопату пра будучую маці і ў той жа час сродкам прасоўваньня ідэі ўсьвядомленага бацькоўства. Спадабалася таксама задума дзяўчыны з Горадні: архітэктарка вырашыла добраўпарадкаваць свой раён і спраектавала зону адпачынку на месцы пусткі. Дарэчы, мы запісалі некалькі інтэрвію з актыўнымі дзяўчатамі, якія ў хуткім часе апублікуем на нашай старонцы ў Facebook.

“Жаночая справа”

Апошнім часам усё часьцей ладзяцца сустрэчы, імпрэзы, сэмінары выключна для жаночай аўдыторыі. Ці ёсьць у гэтым сэнс? Ці можа такі падзел на мужчын і жанчын прынесьці плён?

— З упэўненасьцю можам сказаць, што ў гэтым ёсьць сэнс. На многіх падобных мерапрыемствах закранаюцца пытаньні жаночага лідэрства, мацярынства і сям’і, падвойныя нагрузкі — тое з чым так ці інакш любой прадпрымальнай жанчыне даводзіцца сутыкацца, рэалізуючы ўласны праект. У жаночай аўдыторыі жанчынам прасьцей задаць пытаньні, выказаць свае апасеньні і дзяліцца праблемамі. На мерапрыемствах, дзе прысутнічаюць прадстаўнікі абодвух палоў, мужчыны больш актыўныя і напорыстыя ў выказваньні свайго меркаваньня, з-за чаго некаторыя жанчыны так і застаюцца непачутымі.

asabistaja_sprava

Вы праехаліся па Беларусі, натхнілі вялікую колькасьць дзяўчат на стварэньне сваёй справы. Што цяпер?

— Мы атрымалі шмат водгукаў як з рэгіёнаў, так і зь Менску. Дзіўным і прыемным апынуўся факт прыезду мінчанак на воркшоп у Віцебск. Зараз мы атрымліваем лісты ад дзяўчат з пытаньнямі па абмеркаваных тэмах, а таксама просьбамі паўтарыць адукацыйнае падарожжа. Тое, што здавалася авантурай, ператварылася ў запатрабаваны праект. Ня так даўно мы вырашылі правесьці эксклюзіўнае мерапрыемства ў Менску, нас ужо падтрымала бізнэс-школа ІПМ. Таму 14 верасьня запрашаем на сустрэчу зацікаўленых дзяўчат (ужо дзейнічае папярэдняя рэгістрацыя). Што ж тычыцца новых задумаў, яны зьявіліся, як і жаданьне даць новы віток разьвіцьця ініцыятыве “Жаночая справа”. Мы плянуем пашырыць праграму для рэгіёнаў, прыцягнуць мэнтараў, разнастаіць фармат.