Да Асамблеі далучылася 10 новых арганізацыяў

14/10/2016

14 кастрычніка на чарговым пасяджэньні кіроўнага органа Асамблеі НДА ў склад асацыяцыі прынялі 10 арганізацыяў ды ініцыятываў. Цяпер пад парасонам Асамблеі гуртуецца 321 НДА.

Сьвежадалучаныя арганізацыі працуюць на тэрыторыі Горадні, Слоніму, Гомеля, Кобрына, Менску і Берасьцейскага раёну, займаюцца дабрачыннасьцю, зоаактывізмам, адукацыяй, дасьледаваньнямі, сацыяльнай і праваабарончай тэматыкай. Паглядзець, якім чынам разьмеркаваліся накірункі працы арганізацыяў Асамблеі па стане на пачатак 2016 году, можна ў інфаграфіцы.

Да Асамблеі далучылася 10 новых арганізацыяў

Акрамя далучэньня новых сябраў, лідэры і лідэркі грамадзкіх арганізацыяў з усёй Беларусі абмеркавалі дзейнасьць Асамблеі НДА, бягучыя справы, пляны і пэрспэктывы. Асобна разгледзелі пытаньні ўдасканаленьня рэглямэнту працы Рабочай групы, стратэгічнае плянаваньне асацыяцыі.

Самым дыскусійным пытаньнем сталася абмеркаваньне ўплыву вынікаў выбарчай кампаніі 2016 году на разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

Rabocaja_hrupa2

Рабочая група — кіруючы орган Асамблеі НДА паміж Кангрэсамі, зьбіраецца раз на некалькі месяцаў і забясьпечвае выкананьне рашэньняў Кангрэсу. Склад РГ зацьвярджаецца Кангрэсам зь ліку прадстаўнікоў арганізацыяў-сябраў Асамблеі, вылучаных галіновымі і тэрытарыяльнымі Круглымі сталамі. Зараз у РГ Асамблеі ўваходзіць 44 чалавекі.

Фота вокладкі — pixabay.com