Дашкевіч, Human Constanta і невядомы графіціст. Асамблея назвала чэмпіёнаў грамадзянскай супольнасьці-2016

23/12/2016

23 сьнежня ў Менску прайшла восьмая цырымонія ўручэньня прэміі “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці”. Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў адзначыла найбольш выбітныя і яскравыя падзеі ў грамадзкім сэктары за бягучы год.

Адкрываючы цырымонію, старшыня Рабочай групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч адзначыў, што прэмія “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці” — гэта прызнаньне калегаў па сэктары: “Мы спадзяемся, што яна дае штуршок новым ініцыятывам, якія пашыраюць у Беларусі прастору дэмакратыі і нацыянальнага адраджэньня”.

05

Зьміцер Дашкевіч, сустаршыня “Маладога фронту”

 

У намінацыі “Грамадзкі лідэр году” перамог Зьміцер Дашкевіч, які цягам 2016 году ініцыяваў збор подпісаў за наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу статусу гістарычнай каштоўнасьці, зьнішчыў “3,5 кв.м урадлівага слою глебы” на беларуска-расейскай мяжы, пратэставаў супраць адкрыцьця графіці “Масква-Менск” і ўсталяваньня помніку Леніну.

Прэмію ў намінацыі “Новая ініцыятыва” атрымала ўстанова “Human Constanta”, якая запомніліся грамадзтву дзеяньнямі ў абарону правоў уцекачоў і мігрантаў у Берасьці.

Журы прэміі, у якую сёлета ўвайшло 116 чалавек, у намінацыі “Крэатыў году” адзначыла невядомага мастака, які дамаляваў калючы дрот на прапагандысцкім графіці “Менск-Масква”.

Рэгіянальная падзея – кампанія ў абарону “Асмалоўкі”

Рэгіянальная падзея – кампанія ў абарону “Асмалоўкі”

 

Рэгіянальнай падзеяй назвалі кампанію ў абарону гісторыка-культурнага раёну Менску “Асмалоўка”. Тутэйшыя жыхары ўжо некалькі гадоў змагаюцца за захаваньне гэтага кутку сталіцы.

У намінацыі “Партнэрства году” журы адзначыла плятформу Talaka.by. На гэтай некамэрцыйнай пляцоўцы актыўныя людзі знаходзяць каманду, памочнікаў і фінансы для рэалізацыі сваіх ідэяў. Найбольшай падтрымкай на плятформе карыстаюцца ідэі ў сфэры разьвіцьця беларускай мовы і культуры. Статуэтку і дыплём на цырымоніі атрымалі крэатыўны дырэктар Talaka.by Іван Вядзенін і Юлія Бабруйская.

“Мэдыяактыўнасьцю году” быў названы анлайн-часопіс “Имена”, які дае магчымасьць ня толькі даведацца пра гісторыі, лёсы і ўчынкі беларусаў, а таксама ствараць і падтрымліваць важныя для грамадзтва праекты. Рэдактарка анлайн-часопісу Кацярына Сінюк не змагла прыйсьці на цырымонію, але даслала вітальны ліст, у якім адзначыла: “Наш праект стаў магчымым толькі дзякуючы людзям. Рэдакцыя часопісу “Имена” дзякуе кожнаму, хто аддаў свой голас за нас”.

Антыпрэміяй “Гарбуз” году адзначылі супрацоўнікаў ГУУС Менгарвыканкаму, якія сёлета жорстка затрымалі ўдзельнікаў негвалтоўнай акцыі раварыстаў “Крытычная маса”.

03

Удзельнікі “Крытычнай масы”

 

За найбольш грунтоўнае і рознабаковае асьвятленьне актуальных для няўрадавага сэктару тэмаў у намінацыі “Мэдыя/журналіст году” прыз атрымала Галіна Абакунчык з Радыё Свабода — аўтарка 98 матэрыялаў пра грамадзянскую супольнасьць, яе ініцыятывы і перасьлед у 2016 годзе.

Кампаніяй году была прызнаная кампанія па зборы подпісаў за наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці, #нашсцяг.

01

Прэмія “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці” адзначае найбольш значныя і яскравыя падзеі ў жыцьці трэцяга сэктару. 23 сьнежня 2009 году ўпершыню адбылася нефармальная цырымонія ўзнагароджаньня найбольш выбітных грамадзкіх ініцыятываў ды кампаніяў. Прэмія заснаваная Асамблеяй НДА. Пераможцаў абірае журы (сёлета – 116 чалавек), у якое ўваходзяць сябры Рабочай групы Асамблеі, грамадзкія лідэры і экспэрты, пераможцы прэміі мінулых гадоў, журналісты.

Фота — Ірына Арахоўская