Дранік-fest вяртаецца ў Магілёў

14/09/2016

Над стварэньнем сьвята сапраўднай беларускай стравы завіхаецца Цэнтар гарадзкіх ініцыятываў, які арганізоўваў фэст увосень 2014 году.

Сёлета сьвята пройдзе 1 кастрычніка на тэрыторыі этнаграфічнага комплексу “Зялёны гай”. Пачынаючы з 12-й да 18-й гадзіны на фэсьце можна будзе пакаштаваць дранікаў, пагуляць у гульні, паўдзельнічаць у шматлікіх конкурсах і майстар-клясах, паслухаць жывую музыку.

Як склалася раней, мерапрыемства будзе безалькагольным і бясплатным.

Разынкай фэстывалю стане спаборніцтва камандаў на прыгатаваньне найсмачнейшых дранікаў. Дарэчы, у конкурсе можа ўзяць удзел кожны ахвочы, дастаткова сабраць каманду зь пяці чалавек і зарэгістравацца праз электронны адрас cgimogilev@gmail.com. Згодна ўмовам конкурсу, неабходна будзе прыгатаваць дранікі мінімум зь мяшка бульбы. Арганізатары Дранік-festu — Цэнтар гарадзкіх ініцыятываў пры падтрымцы Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэта харчаваньня — абяцаюць прадаставіць канкурсантам дровы, і мангалы.

Арганізатары таксама просяць дапамогі валянтэраў і валянтэрак, каб сьвята прайшло сапраўды бездакорна.

У 2014 годзе магілёўцы зьелі 400 кіляграмаў бульбы. Цікава, ці здолеюць яны сёлета пабіць свой рэкорд?

Падрабязную інфармацыю пра Дранік-fest можна адсочваць у сацыяльных сетках арганізатараў.