Каго назавуць Чэмпіёнам грамадзянскай супольнасьці 2016 году?

07/12/2016

23 сьнежня Асамблея НДА Беларусі агучыць пераможцаў прэміі Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці-2016. Ужо поўнай хадой ідзе галасаваньне за намінантаў — актывістаў і грамадзкія арганізацыі, чыя дзейнасьць была сёлета найбольш крэатыўнай і значнай.

Асамблеі важна, каб дзейнасьць НДА была заўважаная беларускім грамадзтвам, а тыя актывісты, якія атрымаюць найвышэйшую адзнаку экспэртаў, адчулі ўдзячнасьць з боку грамадзянскай супольнасьці ды натхніліся на далейшую працу. Адзначым, што сёлетні лонг-ліст Прэміі складаўся з 166 прапановаў у 9 намінацыях.

Так хто ж у 2016 годзе быў знакавым для разьвіцьця беларускага трэцяга сэктару? Глядзіце шорт-ліст прэміі “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці” 2016 году.

Кампанія па зборы подпісаў за наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці

Кампанія па зборы подпісаў за наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Фота: Наша Ніва

 

Сёлета на званьне Лідэра году прэтэндуюць: барацьбіт са стэрэатыпамі ў дачыненьні да ўразьлівых групаў насельніцтва Саша Аўдзевіч, музыка Лявон Вольскі, які заўсёды сваімі выступамі падтрымлівае грамадзкія акцыі, мерапрыемствы па ўсёй Беларусі, ініцыятар і ўдзельнік шматлікіх акцыяў грамадзянскага супраціву Зьміцер Дашкевіч, сузаснавальнік і вядоўца курсаў “Мова Нанова”, змагар за правы беларускамоўных беларусаў Глеб Лабадзенка, а таксама адчайны праціўнік пабудовы БелАЭС на Астравеччыне Мікалай Уласевіч.

Кампанія ТБМ за беларускамоўныя клясы ў Магілёве. Фота: Радыё Свабода

Кампанія ТБМ за беларускамоўныя клясы ў Магілёве. Фота: Радыё Свабода

 

Прыз у намінацыі “Кампанія году” ўручаць ініцыятарам ды ініцыятаркам найбольш значнай агульнанацыянальнай кампаніі, праведзенай НДА ў 2016 годзе.

За статуэтку пазмагаюцца 7 кампаніяў: Кампанія апублічваньня гісторыяў беларусак пра перажыты сэксуальны гвалт #янебаюсясказаць; Кампанія ТБМ за беларускамоўныя клясы ў Магілёве, Кампанія па зборы подпісаў за наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці; Кампанія салідарнасьці з блогерам Эдуардам Пальчысам; Кампанія эколягаў “Зробім!”; Канцэрт “Рок за жыцьцё” ў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі”; Праваабарончая кампанія дапамогі бежанцам у Берасьці.

Кампанія апублічваньня гісторыяў беларусак пра перажыты сэксуальны гвалт #янебаюсясказаць. Фота: Вольга Барушка

Кампанія апублічваньня гісторыяў беларусак пра перажыты сэксуальны гвалт #янебаюсясказаць. Фота: Вольга Барушка

 

Атрымаць прэмію Асамблеі НДА ў намінацыі “Новая ініцыятыва” маюць шанец: ініцыятыва для маладых спэцыялістаў зь Беларусі, якія атрымалі вышэйшую адукацыю за мяжой — агенцыя “Тваё заўтра”, сацыяльна-спартовы праект “Здольная”, гарадзенская пляцоўка для імпрэзаў “Цэнтар гарадзкога жыцьця”, праект, які дапамагае “бабулям” прадаць свае зьвязаныя рэчы “Шкарпэткі ад бабулі”; “Цяпліца” ад магілёўскага Цэнтру разьвіцьця гарадзкіх ініцыятываў ды Ўстанова Human Constanta, якая абараняе правы бежанцаў і мігрантаў.

Канцэрт “Рок за жыцьцё” ў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі”. Фота: spring96.org

Канцэрт “Рок за жыцьцё” ў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі”. Фота: spring96.org

 

Прыз у намінацыі Рэгіянальная падзея будзе ўручаная ініцыятарам найбольш значнай для лякальных супольнасьцяў грамадзкай акцыі, кампаніі, падзеі як па-за сталіцай Беларусі, гэтак і ў Менску.

У гэтай намінацыі “чэмпіёнамі” могуць быць названыя наступныя падзеі: Абарона Цнянскага вадасховішча ад незаконнай забудовы берагоў; Бараўляны-Талака-Фэст; Вялікі гарадзкі пікнік у Магілёве; Кампанія ў абарону гісторыка-культурнага раёну Менска “Асмалоўка” ды Фэст і кірмаш “Барадулінкі” ў Віцебску.

Кампанія салідарнасьці з блогерам Эдуардам Пальчысам. Фота: Радыё Свабода

Кампанія салідарнасьці з блогерам Эдуардам Пальчысам. Фота: Радыё Свабода

 

Фантазіі беларускім няўрадавым арганізацыям ды актывістам не займаць, таму сёлета ў намінацыю “Крэатыў году” намінаваныя: берасьцейская акцыя “Пешаходныя вершы”; віртуальная “Мапа станаўленьня Беларусі”; дамалёўка калючым дротам прапагандысцкага графіці “Менск-Масква”; “Газэтныя чалавечкі” віцебскай філіі БАЖ; флэшмоб “Танчым за рэформы”.

У 2015 годзе Асамблея ўвяла намінацыю “Партнэрства”, якую ўручае за салідарныя дзеяньні і рэалізацыю найлепшай ініцыятывы, што аб’яднала партнэраў з розных сфэраў і сэктараў на карысьць грамадзянскай супольнасьці.

Праваабарончая кампанія дапамогі бежанцам у Берасьці. Фота: Радыё Свабода

Праваабарончая кампанія дапамогі бежанцам у Берасьці. Фота: Радыё Свабода

 

У шорт-ліст гэтай намінацыі былі адабраныя: Конкурс сацыяльных праектаў Social Weekend, Лічбавая майстэрня, Плятформа Talaka.by, Рэаліці-шоў “Горад” ды ініцыятыва “Беларускія ўікэнды” — сэрыя паказаў фільмаў у беларускай агучцы, праведзеная ініцыятывай “КінаКонг” разам з кінатэатрам “Перамога”.

Безумоўна сёлета будзе ўручаная і антыпрэмія — “Гарбуз году” тым інстытуцыям і дзяржаўным органам, якія заміналі працы беларускіх НДА. Таксама журы адзначыць прызам лепшых “Мэдыя /журналіста году” за найбольш грунтоўнае і рознабаковае асьвятленьне грамадзкай дзейнасьці. У апошнюю намінацыю вылучаныя: Галіна Абакунчык, (Радыё Свабода); Адар’я Гуштын (Naviny.by); сайт Citydog.by за рубрыку grassroots; сайт gomel.today; сайт Zautra.by.

Кампанія эколягаў “Зробім!”

Кампанія эколягаў “Зробім!”

 

У 2016 годзе намінацыя “Найлепшы сайт НДА” зьмяніла назву на “Мэдыяактыўнасьць году”, і цяпер будзе ўручацца найбольш прыкметнаму ў бягучым годзе мэдыя (сайт / блог / суполка ў сацыяльнай сетцы) няўрадавай арганізацыі ці ініцыятывы.

Званьне “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці” ў гэтай намінацыі маюць шанец атрымаць: анлайн-часопіс “Имена”; кампанія ў сацсетках па зборы сродкаў на кампэнсацыю канфіскаванай маёмасьці ў грамадзкай актывісткі Ніны Багінскай; сайт і сацыяльныя сеткі “Арт Сядзібы”, сайт курсаў “МоваНанова”, цыкль перадачаў “Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам” на Радыё Свабода.

Як мы абіраем пераможцаў

У 2016 годзе Прэмія, якую заснавала Асамблея НДА, уручаецца ў восьмы раз.

Па традыцыі пераможцы вызначаюцца па выніках супольнага падліку галасоў, пададзеных за намінантаў сябрамі Рабочай групы Асамблеі (43 прадстаўнікі арганізацыяў), а таксама 74 спэцыяльна запрошаных экспэрты зь ліку лідэраў і лідэрак НДА, мінулагодніх пераможцаў прэміі, а таксама журналістаў.

Фота вокладкі — 34mag.net