Гендэрнаму цэнтру “Ружа” канчаткова адмовілі ў рэгістрацыі

19/10/2016

Вярхоўны суд Беларусі адхіліў скаргу заснавальнікаў грамадзкага аб’яднаньня “Магілёўскі гендэрны цэнтар “Ружа” на адмову ў рэгістрацыі.

Нагадаем, у чэрвені 2016 году Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму адмовіла ў рэгістрацыі аб’яднаньня на падставе таго, што нібыта ня ўсе палажэньні яго статуту адпавядалі заканадаўству. Да такіх было аднесена, у прыватнасьці, намер актывістаў выкараняць дыскрымінацыю па прыкмеце полу. Прызнаньне ў Беларусі дыскрымінацыі па прыкмеце полу не адпавядае нормам аб праве аб роўнасьці жанчын і мужчын, якія замацаваныя на заканадаўчым узроўні, — гаварылася ў адказе кіраўніка абласной юстыцыі Аляксандра Маймусава.

Таксама ён палічыў, што заканадаўству супярэчыць намер сябраў “Ружы” праводзіць гендэрны маніторынг, збор, аналіз “дадзеных аб сацыяльна-эканамічнай і іншых сфэрах дзейнасьці ў горадзе”, бо “рэалізацыю пытаньняў гендэрнай палітыкі ажыцьцяўляюць адпаведныя ўпаўнаважаныя дзяржаўныя органы”.

Акрамя таго, Упраўленьне юстыцыі ўспрыняла шэраг недакладнасьцяў у адрасах заснавальнікаў як непераадольную перашкоду ў рэгістрацыі аб’яднаньня, не прадаставіўшы магчымасьці іх выправіць.

Заснавальнікі “Ружы” палічылі гэтыя парушэньні надуманымі, ня заснаванымі на законе і якія перашкаджаюць рэалізацыі іх права на стварэньне грамадзкага аб’яднаньня. Актывісты падалі скаргу ў Магілёўскі абласны суд, які ў жніўні стаў на бок абласной юстыцыі. У верасьні актывісты зьвярнуліся ў Вярхоўны суд.

Справа “Ружы” была разгледжана ў сярэдзіне кастрычніка. Вярхоўны суд вынес рашэньне, аналягічнае рашэньням ніжэйстаячай судовай інстанцыі і магілёўскага ўпраўленьня юстыцыі. У ходзе разгляду на паседжаньне ня быў дапушчаны ў якасьці прадстаўніка інтарэсаў заснавальнікаў “Ружы” юрыст Юрый Чавусаў.

Юрый Чавусаў. Фота Сяргея Балая.

Юрый Чавусаў. Фота Сяргея Балая.

 

У дадзеным выпадку рашэньне аб адмове мае стратэгічны характар. Заяўнікі прайшлі вышэйшую судовую інстанцыю Беларусі і ў іх ёсьць магчымасьць зьвярнуцца ў дагаворныя органы ААН для таго, каб даць ацэнку гэтай адмовы ў рэгістрацыі як парушэньня права на свабоду асацыяцыяў”, — заявіў Чавусаў.

“Некаторыя з падставаў адмовы досыць стандартныя для Беларусі, напрыклад прэтэнзіі да недакладнасьцяў ва ўказаньні назваў месца працы ці вуліцы, дзе пражывае заснавальнік. Напрыклад, вуліца Бурдэнка — вуліца Бурдэнкі — розьніца паміж рускамоўным і беларускамоўным напісаньнем. Аднак падстава, якя мае стратэгічны характар, — гэта адмаўленьне беларускімі ўладамі наяўнасьці дыскрымінацыі ў Беларусі, у дадзеным выпадку дыскрымінацыі па гендэрным прынцыпе, і забарона грамадзкім аб’яднаньням займацца выкараненьнем дыскрымінацыі. Гэта стратэгічная падстава для адмовы ў рэгістрацыі, якія, калі прыняць на веру, робіць немагчымай любую праваабарончую дзейнасьць, зьвязаную з барацьбой з дыскрымінацыяй”, — адзначыў юрыст.

Паводле яго словаў, цяпер складваецца двухсэнсоўная сытуацыя. “Вярхоўны суд і Міністэрства юстыцыі кажуць адно, а ў той жа час у Жэневе, у Нью-Ёрку ў аанаўскіх структурах прадстаўнікі беларускага МЗС заяўляюць зусім супрацьлеглае. Кажуць, як яны змагаюцца з дыскрымінацыяй, а ў Беларусі на самой справе сама барацьба з дыскрымінацыяй для грамадзкіх структураў забароненая”, — сказаў Юрый Чавусаў, адзначыўшы, што раней у гэтым годзе па падобных падставах было адмоўлена ў рэгістрацыі рэспубліканскаму грамадзкаму аб’яднаньню “Гендэрнае партнэрства”.

У той жа час, нягледзячы на такую забарону для грамадзкіх арганізацыяў, органы юстыцыі прапануюць актывістам заснаваць некамэрцыйную арганізацыю (установу) з тымі ж мэтамі. “Установа гэта такая арганізацыя, якая не зьяўляецца аб’яднаньнем грамадзянаў, а створаная адным чалавекам, адным заснавальнікам. Утвараецца такая сытуацыя, што быццам бы некамэрцыйных арганізацыяў ствараецца шмат, але яны не становяцца школай дэмакратыі, ня аб’ядноўваюць грамадзянаў у адстойваньні агульных інтарэсаў, рэалізацыі сумесных мэтаў”, — адзначыў Юрый Чавусаў.

Алена Барысава. Фота з Facebook.

Алена Барысава. Фота з Facebook.

 

У сваю чаргу старшыня незарэгістраванай арганізацыі Алена Барысава паведаміла, што яны маюць намер зьвярнуцца ў органы ААН — Камітэт па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчынаў і Камітэт па правах чалавека са скаргай на парушэньне беларускімі ўладамі права на свабоду асацыяцыяў. Пакуль жа “Ружа” функцыянуе ў якасьці грамадзкай ініцыятывы, вывучае і аналізуе ўмовы знаходжаньня парадзіх у мэдыцынскіх установах, змагаецца з праявамі працоўнай дыскрымінацыі жанчынаў.

Паводле матэрыяла Ўладзімера Лапцэвіча, БелаПАН