На нарадзе па чалавечым вымярэньні АБСЭ падвялі вынікі парлямэнцкай кампаніі 2016 году

22/09/2016

Асамблея НДА Беларусі, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Цэнтар прававой трансфармацыi Lawtrend у супрацы з кампаніяй “Праваабаронцы за свабодныя выбары” 22 верасьня 2016 году ў Варшаве на штогадовай нарадзе АБСЭ зладзілі свой сайд-івэнт.

Мерапрыемства мела назву “Парлямэнцкія выбары ў Беларусі: Ацэнка ад унутраных назіральнікаў і ўплыў на разьвіцьцё дыялёгу па правах чалавека паміж ЭЗ і Беларусьсю”.

Свае ацэнкі сытуацыі з правамі чалавека ў сувязі з правядзеньнем выбарчай кампаніі прадставілі кіраўнік Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Ўладзімер Лабковіч, экс-старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна, дырэктарка Цэнтру прававой трансфармацыі Lawtrend Вольга Смалянка і юрыст Асамблеі НДА Юрый Чавусаў.

Parliamentary elections in Belarus: Assessment from domestic observers and the impact on the development of the EU-Belarus human rights dialogue

Паводле праваабаронцаў, дэмакратычных выбараў у Беларусi зноў не адбылося, бо засталіся старыя праблемы. Выбаркамы фармавалiся без апазыцыi, ва ўчастковых камiсiях у маштабах усёй краiны было ня больш за 5,2% прадстаўнікоў апазыцыi. У Беларусі стваралiся партыi-фантомы (кшталту Спартовай партыі), якiя масава вылучалi сваiх прадстаўнiкоў у выбаркамы. Вялiкай праблемай застаецца датэрмiновае галасаваньне, падчас якога выкарыстоўваецца адмiністрацыйны рэсурс: на выбары заганяюцца студэнты.

Больш за 73% незалежных назiральнiкау не маглi бачыць сам працэс падлiку галасоў. Траціна кандыдатаў не стваралi выбарчыя фонды, што сьведчыць пра тое, што гэта былi або спарынг-партнэры, якiя здымалiся на карысьць уладных кандыдатаў, або сярод іх былi праўладныя, якiя ў сваёй перамозе былi перакананыя настолькi, што не патрабавалi агiтацыi.

Падлiк галасоў больш як у 90% выпадкаў праводзiўся непразрыста — гэты паказчык горшы, чым на мiнулых выбарах.

Экс-кiраўнiца БАЖ Жанна Лiтвiна зазначыла, што падчас кампанii журналiсты не сутыкалiся зь вiдавочным перасьледам: не было затрыманьняў журналiстаў цi канфiскацыi друкаванай прадукцыi. Аднак у дзень галасаваньня было чатыры спробы блякавання сайтаў. Саму перадвыбарчую кампанiю яна ахарактарызавала як “кампанiю бяз твару i праграмаў”.

Праваабаронца Алесь Бяляцкi падкрэслiў, што сытуацыя з правамi чалавека не палепшылася: у краiне ёсьць палiтвязьнi, i няма гарантыi, што колькасьць iх не павялiчыцца блiжэйшым часам. Беларуская ўлада так i не iдзе на адмену сьмяротнага пакараньня, хаця ня раз гэтае пытаньне ўздымаецца на перамовах з афiцыйным Менскам на Захадзе. Таму, падсумаваў праваабаронца, сытуацыя з правамi чалавека застаецца хвалюючай.

Палiтоляг, юрыст Асамблеi НДА Юрый Чавусаў, якi мадэраваў сустрэчу, пажартаваў, што ўпершыню у Беларусi цiкава абмяркоўваць не самі выбары, а iх вынiкi, бо ў парляменце зьявіліся два прадстаўнiкі апазыцыi.

Паводле euroradio.fm