Паляпшэньне на ўзроўні настрою. Індэкс устойлівасьці АГС Беларусі прэзэнтавалі ў Менску

25/07/2016

Міжнароднае асьветніцкае грамадзкае аб’яднаньне “АКТ” прэзэнтавала “Індэкс устойлівасьці арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці Беларусі” за 2015 год.

На мерапрыемстве, якое прайшло 22 ліпеня ў Менску, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці абмеркавалі посьпехі і дасягненьні беларускіх грамадзкіх арганізацыяў і ініцыятываў, а таксама ключавыя тэндэнцыі і выклікі для грамадзянскай супольнасьці Беларусі з улікам разьвіцьця сёлетняй сытуацыі.

indeks_ustojlivasci2015

У 2015 годзе Індэкс устойлівасьці арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці (АГС) Беларусі склаў 5.6. Гэтая лічба на 0.1 перавышае паказчык 2014 году, аднак усё яшчэ сьведчыць пра вельмі слабую ўстойлівасьць беларускіх грамадзкіх арганізацыяў і ініцыятываў.

Аднымі з самых сур’ёзных праблемаў для трэцяга сэктару па-ранейшаму застаюцца неспрыяльнае прававое асяродзьдзе і фінансавая няўстойлівасьць АГС. Па астатніх кампанэнтах Індэксу назіраецца ледзь прыкметны рост устойлівасьці сэктару, у тым ліку дзякуючы зьніжэньню процідзеяньня АГС з боку ўладаў, выніковасьці адвакацыйных кампаніяў, зьяўленьню краўдфандынгавых плятформаў, рэалізацыі мэханізму дзяржаўнага сацыяльнага заказу, узмацненьню патэнцыялу АГС, зараджэньню новых формаў самаарганізацыі грамадзянаў і паляпшэньню грамадзкага іміджу арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

З вынікамі ацэнкі і тэкстам справаздачы “Індэкс устойлівасьці арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці Беларусі-2015” можна азнаёміцца на беларускай і расейскай мовах.

13692580_1337341382961449_5581362813058280464_n

 

Даведка

Індэкс устойлівасьці арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці (CSOSI) — ключавы аналітычны інструмэнт, які дазваляе ацаніць узровень разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці больш чым у 70 краінах сьвету. Індэкс ацэньвае агульны характар асяродзьдзя для разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці, надаючы асаблівую ўвагу сямі кампанэнтам або “парамэтрах”: прававое асяродзьдзе, арганізацыйны патэнцыял, фінансавая ўстойлівасьць, адвакатаваньне, прадастаўленьне паслугаў, інфраструктура і грамадзкі імідж. Кожны паказчык ацэньваецца па сямібальнай шкале, дзе 1 адпавядае вельмі высокаму ўзроўню разьвіцьця арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці (АГС), а 7 — нізкаму. Індэкс распрацаваны Агенцтвам ЗША па міжнародным разьвіцьці пры ўдзеле мясцовых арганізацыяў у кожнай з краінаў, для якіх ён ацэньваецца.

Фота вокладкі — МАГА “АКТ”