“Праблемы беларускай адукацыі тыя, што і ў грамадзтва – адсутнасьць свабоды і права выбару”

21/11/2016

Пра фэйкі ў беларускай адукацыі, яе непазьбежную рэформу і культурныя коды, якія закладаюць тэлесэрыялы ў нашую сьвядомасьць, мы пагутарылі з Тамарай Мацкевіч. Яна — пэдагог, грамадзкая лідэрка і намесьніца старшыні Таварыства беларускай школы. Экспэрты гэтай арганізацыі нядаўна выдалі дапаможнік-навігатар па фармаваньні мэдыяграматнасьці вучняў.

— Што сёньня ўяўляе зь сябе Таварыства беларускай школы?

— Мы вядзем традыцыі ад ТБШ, заснаванага Браніславам Тарашкевічам у 1921 годзе. Як тады, так і цяпер, наша мэта — зрабіць нашу адукацыю сучаснай, канкурэнтаздольнай і беларускай. Як тады, так і цяпер, у нас шмат прыхільнікаў. Сёньня тысячы настаўнікаў-валянтэраў самастойна і з дапамогай ТБШ засвойваюць сучасныя адукацыйныя тэхналёгіі, выкарыстоўваюць іх на практыцы і вучаць гэтаму калег.

Заўважце, гэта не загад начальства зь Міністэрства адукацыі! Хаця тут варта падзякаваць міністэрству, што апошнім часам не перашкаджае ініцыятыве пэдагогаў, і таму сьвежы вецер далятае і ў нашую не рэфармаваную з савецкіх часоў школу. У тым ліку і ў Горкі.

— Якія галоўныя праблемы ў сучаснай беларускай адукацыі бачаць экспэрты вашай арганізацыі?

— Вядома, праблемы адукацыі тыя самыя, як і ў астатняга грамадзтва: адсутнасьць свабоды пэдагогаў і адукацыйных установаў, дэмакратычных мэханізмаў, права выбару.

У выніку ў XXI стагодзьдзі студэнт ня можа выбіраць прадметы, якія яму спатрэбяцца для будучай працы па спэцыяльнасьці, а вучыцца па састарэлай праграме.

Унівэрсытэт ня можа напоўніцу скарыстацца магчымасьцямі абмену студэнтамі і выкладчыкамі, далучыцца да міжнародных праграмаў. Пэдагогі, студэнты і бацькі не ўплываюць на выбар дырэктараў школаў і рэктараў унівэрсытэтаў.

Ніхто, у тым ліку Міністэрства адукацыі, ня можа ўзяць на сябе адказнасьць нават за касмэтычную зьмену ў сваім ведамстве. Таму якасьць адукацыі пагаршаецца.

Другая праблема — стэрэатыпы, якія моцна трымаюцца ў галовах людзей. Як бацькоў, настаўнікаў, так і адукацыйнага чынавенства.

Вось толькі некалькі, як цяпер кажуць, фэйкаў, якія моцна перашкаджаюць разьвівацца нашай адукацыі: савецкая адукацыя была якаснай; рэформа — гэта шкодна; заходнія мэтодыкі нашым дзецям не падыходзяць; настаўнікі павінны падтрымліваць дзяржаўную ідэалёгію; на рускай мове вучыцца лягчэй, чым на беларускай; школьная форма павышае дысцыпліну і пасьпяховасьць; ад настаўніка нічога не залежыць…

Усяго не пералічыць. І гэта перашкаджае нашай школе быць сучаснай.

Наогул, рэформа адукацыі непазьбежная. Бо інфармацыйнае грамадзтва патрабуе новых якасьцяў ад чалавека, якім не вучыць ні школа, ні ВНУ.

І калі рэформу не правесьці, наша моладзь ня здолее быць канкурэнтнай на рынку працы, а Беларусь застанецца адсталай краінай. Грошы на рэформу можна знайсьці, калі скараціць апарат адукацыйных чыноўнікаў.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, з 450 тысячаў чалавек, занятых у сфэры адукацыі, толькі 42% складаюць пэдагогі ўсіх узроўняў. Хто астатнія? Што яны робяць?

— Ці не падаецца Вам, што з зьяўленьнем у кішэні кожнага школьніка мабільнага тэлефона з выхадам у інтэрнэт, дзе можна знайсьці адказы на ўсе пытаньні, аўтарытэт настаўнікаў незваротна страчаны?

— Аўтарытэт падручніка — страчаны, бо яму на зьмену прыйшлі мэдыя, а настаўніка — не. Проста функцыі настаўніка у сучаснай школе зьмянілася. Калі XX стагодзьдзе было пэрыядам бойкі за доступ да інфармацыі, за свабоду слова, то XXI стала стагодзьдзем злоўжываньня інфармацыяй. Прычым тыя, хто раней забаранялі свабоду слова, хутка пераключыліся на маніпуляваньне з дапамогай мэдыя: неабмежаваны распаўсюд дэзінфармацыі, прапаганды, выкарыстаньне рэклямных паведамленьняў, схаваных у псэўданавуковыя ці сацыяльныя тэмы…

У XXI стагодзьдзі настаўнік павінен навучыць школьнікаў арыентавацца ў гэтым моры інфармацыі, выкарыстоўваць інфармацыйныя фільтры, каб адбіраць праўдзівыя і патрэбныя крыніцы.

Асноўная задача настаўніка XXI стагодзьдзя — сфармаваць крытычнае мысьленьне ў навучэнцаў, навучыць вучыцца самастойна.

Адно з апошніх выданьняў ТБШ — гэта дапаможнік-навігатар для настаўнікаў Мэдыяадукацыя ў школе: фарміраваньне мэдыяграматнасьці вучняў. Пра што гэта выданьне, калі сказаць некалькімі сказамі?

— Гэта падручнік, які пэдагогі-практыкі напісалі для калег. У ім перадаюць досьвед, як выкарыстоўваць магчымасьці сучасных мэдыя для навучаньня. Дапаможнік мае 17 аўтараў і 45 суаўтараў.

— Мэдыяграматнасьць можа спатрэбіцца толькі грамадзка або палітычна актыўнаму чалавеку?

— Грамадзка ці палітычна актыўныя людзі якраз найбольш мэдыйна граматныя. Ім цяжэй навязаць разрэклямаваны тавар, яны менш вераць прапагандзе ў СМІ.

Найбольш падпадаюць пад маніпуляцыі якраз звычайныя абывацелі. Нават адукаваныя людзі не заўсёды ведаюць элемэнтарныя рэчы, як намі маніпулююць СМІ. Напрыклад, рэдка хто задумваецца, што некаторыя сэрыялы, якія паказваюць на тэлебачаньні, маюць мэту закласьці ў падсьвядомасьць гледача ня толькі прыклады паводзінаў (у што апранацца, як павінен выглядаць ваш дом, што купіць).

Часам яны выконваюць палітычную мэту: напрыклад, паказваюць, што ўсе людзі ў форме — добрыя, справядлівыя, вырашаць вашыя праблемы.

З дапамогай сэрыялаў часта праграмуюцца і рэгулююцца сацыяльныя паводзіны цэлых грамадзтваў: навязваюцца ўяўленьні, хто “ворагі”, а хто “брацкія народы”, адкладваюцца сацыяльныя пратэсты. Масавая культура закладае нам свае “культурныя коды”. І тут мы павінны трымацца свайго, каб ня даць сябе “перакадаваць” з дапамогай засільля, напрыклад, расейскай папсы ці ТВ-каналаў, якія нават назвы маюць “Наше кино”, “Наш футбол” і т.п. Якія яны нашыя?

— На якія яшчэ выданьні ТБШ варта зьвярнуць увагу настаўніку, які хоча адпавядаць сучаснаму стану грамадзтва і яго патрэбам?

— Яшчэ на ранейшы падручнік для пэдагогаў “Актыўная ацэнка ў дзеяньні”. Гэта мэтодыка навучаньня (formative assessment), якая займае ў сьвеце першае месца для павышэньня эфэктыўнасьці адукацыйнага працэсу. Прыдатная і для вышэйшай школы. І ў Горках яе выкарыстоўваюць.

— Як настаўнікі з Горацкага, Дрыбінскага або Мсьціслаўскага раёнаў могуць далучыцца да ТБШ?

— Горацкія настаўнікі ўжо даўно далучыліся да праграмаў ТБШ, але запрашаем усіх ахвочых. Кантакт праз пошту nastaunik.info@gmail.com і сайты nastaunik.info ды aacenka.by. Там мы маем камунікацыю, дыстанцыйнае навучаньне для настаўнікаў, і наогул гуртуем кола сяброў.

Антон Валодзька, horki.info