Праграма “Грамадзкі аўдыт” для некамэрцыйных арганізацыяў

21/12/2016

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў і Цэнтар прававой трансфармацыі запрашаюць некамэрцыйныя арганізацыі паўдзельнічаць у праграме “Грамадзкі аўдыт”.

У межах праграмы беларускія НКА атрымаюць усебаковую ацэнку адпаведнасьці іх фінансавай дзейнасьці патрабаваньням заканадаўства, якая будзе ўключаць у сабе аўдытарскую праверку з боку атэставанага беларускага аўдытара згодна зь Міжнароднымі стандартамі фінансавай справаздачнасьці і беларускім заканадаўствам.

Мяркуецца, што агульны час ацэнкі прадастаўленых арганізацыямі-удзельніцамі праграмы матэрыялаў зойме ад 1 да 3 тыдняў. Арганізацыям, якія скарыстаюцца праграмай “Грамадзкі аўдыт”, будуць прадстаўленыя далейшыя кансультацыі па выпраўленьні знойдзеных у часе праграмы недахопаў і прывядзеньні дзейнасьці ў адпаведнасьць з заканадаўствам.

Зарэгістраваныя ў Беларусі НКА (грамадзкія аб’яднаньні розных статусаў, установы і фонды) запрашаюцца да запаўненьня заяўкі па форме на ўдзел у праграме “Грамадзкі аўдыт” праз эл. адрас: infolawtrend@gmail.com да 20 студзеня 2017 году (у тэме ліста просім пазначаць AUDYT і назву арганізацыі на беларускай або расейскай мове). Заяўкі прымаюцца толькі ад імя кіраўніка арганізацыі.

Арганізацыі будуць уключаныя ў праграму “Грамадзкі аўдыт” па выніках конкурснага адбору, праведзенага на падставе паўнаты прадастаўленых заявак і матывацыі для ўдзелу ў праграме.

Пра вынікі конкурснага адбору будзе паведамлена не пазьней за 3 лютага 2017 г. Арганізацыям, якія будуць уключаныя ў праграму “Грамадзкі аўдыт”, на падставе індывідуальных кансультацыяў будзе прапанаваны магчымы час правядзеньня ацэнкі ў пэрыяд зь лютага па верасень 2017 г.