Замежная дапамога для НКА — вырашаем праблемы разам

10/11/2016

Прадстаўнікі некамэрцыйных арганізацыяў стварылі працоўную групу, каб мець магчымасьць супольна рэагаваць на праблемы ў сфэры доступу да замежнага фінансаваньня.

9 лістапада 2016 году прадстаўнікі і прадстаўніцы 40 арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці мелі магчымасьць абмяняцца досьведам адносна атрыманьня, рэгістрацыі, выкарыстаньня і справаздачнасьці па замежнай бязвыплатнай дапамозе ў часе публічнай дыскусіі “Замежная дапамога для НКА — вырашаем праблемы разам”.

Распрацоўкай сумесных дзеяньняў у сфэры доступу да замежнага фінансаваньня зоймецца новаствораная група

Мерапрыемства, арганізаванае ГА “АКТ”, Асамблеяй НДА і Цэнтрам прававой трансфармацыі, мела на мэце выпрацоўку сумесных дзеяньняў некамэрцыйных арганізацыяў па ўдасканаленьні заканадаўства, якое рэгулюе атрыманьне і выкарыстаньне замежнага фінансаваньня.

У часе дыскусіі прадстаўнікі трэцяга сэктару разважалі пра Дэкрэт прэзыдэнта №5 “Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе”, які набыў моц 4 сакавіка 2016 году і ўстанавіў новы парадак рэгістрацыі замежнай бязвыплатнай дапамогі і яе выкарыстаньня, праўда, паводле экспэртаў, не ліквідаваў старых праблемаў у дачыненьні да атрыманьня і рэгістрацыі гэтай дапамогі.

Распрацоўкай сумесных дзеяньняў у сфэры доступу да замежнага фінансаваньня зоймецца новаствораная група

У рабочую групу па распрацоўцы сумесных дзеяньняў у сфэры доступу да замежнага фінансаваньня ўвайшлі: Асацыяцыя “БелСетка антыСНІД”, Цэнтар прававой трансфармацыі, Асамблея НДА Беларусі, Асацыяцыі дадатковай адукацыі і асьветы, Рэспубліканская канфэдэрацыя прадпрымальніцтва, Міжнароднае асьветніцкае грамадзкае аб’яднаньне “АКТ”, Міжнародне грамадзкае аб’яднаньне “Ўзаемаразуменьне”, Інфармацыйна-асьветніцкая ўстанова “Новая Эўразія”, Грамадзкае аб’яднаньне “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам” і Моладзевае грамадзкае аб’яднаньне “Рэальны сьвет”.

Фота — Lawtrend