У Віцебску раскажуць пра фінансаваньне і рэгістрацыю НКА

27/09/2016

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў і Цэнтар прававой трансфармацыі 9 кастрычніка ў Віцебску ладзяць сэмінар “Рэгістрацыя і фінансаваньне некамэрцыйных арганізацыяў: прававое рэгуляваньне”.

Для каго сэмінар?

Запрашаем да ўдзелу прадстаўнікоў і прадстаўніц некамэрцыйных арганізацыяў ды ініцыятываў зь Віцебску і Віцебскай вобласьці.

Арганізатары сэмінару будуць радыя вітаць на мерапрыемстве ня больш за аднаго прадстаўніка / прадстаўніцы ад адной арганізацыі. У выпадку, калі колькасьць заявак будзе большая за колькасьць месцаў на сэмінары, перавагу аддадуць  найбольш матываваным удзельнікам.

Якія тэмы абмяркуюць на сэмінары?

Сэмінар будзе складацца з двух блёкаў, на першы зь якіх запрашаюцца прадстаўнікі незарэгістраваных ініцыятываў, на другі — прадстаўнікі як незарэгістраваных ініцыятываў, так і зарэгістраваных НДА. Удзельнікі могуць прыняць удзел у адным ці ў абодвух блёках.

У першым тэматычным блёку сэмінара будуць разгледжаныя асноўныя арганізацыйна-прававыя формы некамэрцыйных арганізацыяў ды іх адрозьненьні ў прававым статусе і парадку рэгістрацыі згодна з актуальным заканадаўствам. Удзельнікам будзе прадстаўленая інфармацыя адносна парадку ды практыкі рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў, установаў і фондаў, а таксама дадзеныя індывідуальныя кансультацыі ды парады па падрыхтоўцы рэгістрацыйных дакумэнтаў. Удзельнікі сэмінару будуць мець магчымасьць у далейшым скарыстацца кансультацыямі па падрыхтоўцы дакумэнтаў для дзяржаўнай рэгістрацыі НКА.

У другім тэматычным блёку сэмінара будуць разгледжаныя пытаньні прававога рэгуляваньня фінансавых паступленьняў для розных формаў некамэрцыйных арганізацыяў, у тым ліку: віды фінансавых паступленьняў паводле заканадаўства; прадпрымальніцкая дзейнасьць НКА; афармленьне ахвяраваньняў ад грамадзянаў; бязвыплатная (спонсарская) дапамога ад беларускіх юрыдычных асобаў; атрыманьне замежнага фінансаваньня. Асобная ўвага будзе нададзеная зьменам у прававое рэгуляваньне замежнай бязвыплатнай дапамогі, якія былі ўстаноўленыя Дэкрэтам № 5 “Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе”, што набыў моц у сакавіку гэтага году.

Бонусы

Удзельнікі і ўдзельніцы атрымаюць магчымасьць індывідуальных кансультацыяў па канкрэтных пытаньнях, зьвязаных са стварэньнем новых некамэрцыйных арганізацыяў або з прававым забесьпячэньнем фінансаваньня ўжо створаных НДА.

А таксама атрымаюць трэцяе выданьне кнігі дырэктаркі Цэнтру прававой трансфармацыі Вольгі Смалянкі “Создание некоммерческих организаций в Беларуси” і матэрыялы па прававых аспэктах фінансавай дзейнасьці некамэрцыйных арганізацыяў.

Час і месца правядзеньня сэмінару-кансультацыі

Сэмінар-кансультацыя адбудзецца 9 кастрычніка ў Віцебску, пачатак аб 11:00, працягласьць — да сямі гадзінаў. Пра месца правядзеньня і падрабязную праграму працы ўдзельнікам сэмінару паведамяць дадаткова.

Як аплікаваць?

Каб падаць заяўку на ўдзел у мерапрыемстве, неабходна запоўніць запоўніць электронную анкету.

Апошні тэрмін падачы заявак: 6 кастрычніка, 12:00. Пацьверджаньне ўдзелу будзе дасланае ўдзельнікам мерапрыемства не пазьней за 7 кастрычніка.