“Цэнтар гарадзкога жыцьця” паўстаў у Горадні

21/09/2016

У гарадзенскай арт-галерэі “Крыга” аднавіла працу пляцоўка для беларускіх імпрэзаў. Цяпер месца мае назву “Цэнтар гарадзкога жыцьця”. Уладальнікі плянуюць пашыраць функцыянальнае выкарыстаньне пляцоўкі.

Павал Мажэйка, дырэктар “Цэнтру гарадзкога жыцьця” ў інтэрвію Радыё Рацыя паведаміў:

— Як ведаюць гарадзенцы, гэта месца, дзе знаходзіцца галерэя “Крыга”. Месца знакамітае. Месца намоленае. У такім сэнсе, што людзі прыходзяць сюды і ведаюць, што тут заўсёды ёсьць нейкая інтэлектуальная еднасьць. І мы вырашылі пашырыць дзейнасьць у гэтым памяшканьні. Ня толькі прэзэнтацыямі мастацтва, гарадзенскага, беларускага, але таксама каб Цэнтар стаў месцам для дыскусіяў, месцам для сустрэчаў, месцам для абмеркаваньняў праблемаў нашага гораду, праблемаў Беларусі.

Ілюстрацыя з Facebook

Ілюстрацыя з Facebook

 

У Цэнтры ўжо адбыліся сустрэчы “Тыдня Беларускага мысьленьня”, а ў хуткім часе з гарадзенцамі сустрэнуцца вядомыя краязнаўцы, дасьледчыкі, навукоўцы.

“Цэнтар гарадзкога жыцьця” месьціцца на вул. Савецкай, 3. Сачыць за падзеямі пляцоўкі можна праз старонку Facebook.