Ці ўзаемадзейнічаюць беларусы ў мясцовых супольнасьцях?

22/02/2016

Міжнародная некамэрцыйная арганізацыя Pact апублікавала вынікі дасьледаваньня ўдзелу беларусаў у разьвіцьці мясцовых супольнасьцяў.

Асноўнай мэтай дасьледаваньня ёсьць атрыманьне дадзеных для ацэнкі рэальнай ступені ўдзелу беларусаў у разьвіцьці супольнасьцяў, у якіх яны жывуць, і разуменьня матывацыі грамадзянскага ўдзелу.

Аналіз паказаў, што для значнай часткі беларусаў панятак “мясцовая супольнасьць” незразумелы. Гэта сьведчыць пра дастаткова нізкі патэнцыял беларускага грамадзтва да самаарганізацыі і ўзаемадзеяньня на мясцовым ўзроўні як для забесьпячэньня асабістых інтарэсаў, так і для вырашэньня агульных задачаў.

Аўтары дасьледаваньня паведамляюць, што беларусы ня ведаюць імёнаў лідэраў у сваіх мясцовых супольнасьцях. Аднак пры гэтым рэспандэнты ўпэўнена вызначаюць ключавыя якасьці, якімі мусіць валодаць мясцовыя лідэр ці лідэрка: рэальныя прыклады рашэньня праблемаў супольнасьці, наяўнасьць кантактаў з органамі ўлады, вядомасьць сярод насельніцтва, а таксама наяўнасьць у мясцовага лідэра афіцыйнага месца працы.

Ці ўзаемадзейнічаюць беларусы ў мясцовых супольнасьцях?

Паводле дасьледчыкаў, найбольш матываванымі да сумесных дзеяньняў на мясцовым узроўні аказаліся жанчыны і людзі сталага ўзросту. Менавіта на гэтыя групы грамадзянаў можна абапірацца пры плянаваньні дзейнасьці па разьвіцьцю мясцовых супольнасьцяў.

Дарэчы, для жанчын адчуваньне прыналежнасьці да мясцовай супольнасьці больш важнае, чым для мужчын.

Дадзеныя апытаньня таксама сьведчаць, што мясцовыя жыхары ведаюць адзін аднаго, але слаба ўзаемадзейнічаюць. Больш за 90% беларусаў сьцьвярджаюць, што знаёмыя з большасьцю сваіх суседзяў па доме, вуліцы ці населеным пункце, аднак пры гэтым толькі 43% рэспандэнтаў некалі рабілі штосьці супольна з суседзямі. Асноўным стымулам для ўдзелу ў сумесных мерапрыемствах болей за палову апытаных адзначылі, што ім неабыякава, што адбываецца ў доме, на вуліцы. Яшчэ 33% удзельнічалі ў супольнай справе, бо былі закранутыя іх інтарэсы.

Падрабязныя вынікі дасьледваньня “Разьвіцьцё мясцовых супольнасьцяў. Частка 1.” чытайце ніжэй.

Калі вы зацікаўлены ў атрыманьні поўнага варыянта дасьледаваньня, пішыце на vkukharchyk@pactworld.org. Наступную публікацыю з гэтай сэрыі прысьвецяць практыцы ўдзелу грамадзянаў у вырашэньні мясцовых праблемаў і іх успрыманьня сваёй ролі ў працэсе мясцовага разьвіцьця.