Тыдзень супраць сьмяротнага пакараньня адбыўся ў Беларусі

10/10/2016

Канцэрты, лекцыі, прэзэнтацыі: 5-10 кастрычніка праваабаронцы зрабілі ўсё, каб данесьці праблему сьмяротнага пакараньня да беларускага грамадзтва.

Арганізатарам штогадовага Тыдня — кампанія “Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі”.

Напачатку мінулага тыдня ў Менску прэзэнтавалі даклад “Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі: забойства на (не)законных падставах”, які падрыхтавалі Праваабарончы цэнтар “Вясна” і Міжнародная фэдэрацыя за правы чалавека (FIDH).

Тыдзень супраць сьмяротнага пакараньня адбыўся у Беларусі

Актывісты кампаніі “Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі” прынялі ўдзел у працы VI Міжнароднага Кангрэса дасьледчыкаў Беларусі, які адбыўся 7—9 кастрычніка ў Коўне. Тамжа былі прэзэнтаваныя выданьні на тэму сьмяротнага пакараньня. Журналісты Паліна Сьцепаненка і Сяргей Сыс, а таксама Любоў Кавалёва, маці пакаранага сьмерцю па справе аб выбуху ў менскім мэтро Ўладзіслава Кавалёва адказвалі на пытаньні ўдзельнікаў Кангрэсу, прыводзілі пераканаўчыя аргумэнты за адмену сьмяротнага пакараньня ў Беларусі.

Тыдзень супраць сьмяротнага пакараньня адбыўся у Беларусі

8 кастрычніка ў сталіцы адбыўся канцэрт “Рок за жыцьцё” з удзелам гуртоў, якія падтрымліваюць ідэю адмены сьмяротнага пакараньня ў краіне. Вялікі фотарэпартаж з фэсту глядзіце тут.

Паводле Андрэя Палуды, гэта першае мерапрыемства падобнага кшталту, якое было праведзена ўнутры Беларусі. Раней праваабаронцы ладзілі жывы канцэрт у межах праекту “Апошні золак”, але ён, на жаль, праходзіў у Беластоку. Цяпер была магчымасьць непасрэдна ў Менску арганізаваць выступ музыкаў, якія падтрымліваюць ідэю абаліцыянізму.

Тыдзень супраць сьмяротнага пакараньня адбыўся у Беларусі

На думку Палуды, зладзіць канцэрт — гэта вельмі дзейсна. Музыкі зьяўляюцца аўтарытэтамі для моладзі, наўпрост са сцэны кажуць, што яны выбіраюць жыцьцё, і што сьмяротнае пакараньне — гэта ня выйсьце.

— Я рады таму, што на канцэрт прыйшлі і нашыя калегі-праваабаронцы, прадстаўнікі розных няўрадавых арганізацыяў, а таксама прадстаўнікі Эўракамісіі, якія тым самым паказваюць сваю падтрымку ідэі адмены сьмяротнага пакараньня, — падагульніў актывіст кампаніі.

Тыдзень супраць сьмяротнага пакараньня адбыўся у Беларусі

9 кастрычніка ў магілёўскім Грамадзкім цэнтры “Кола” з адкрытай лекцыяй выступіла заснавальніца ўзбэкскай арганізацыі “Маці супраць сьмяротнага пакараньня і катаваньняў” Тамара Чыкунова, якая лічыць сваёй галоўнай задачай адмену сьмяротнага пакараньня ва ўсім постсавецкім рэгіёне.

10 кастрычніка ў сталіцы і іншых гарадах Беларусі таксама прайшлі інфармацыйныя акцыі, тэматычныя выставы, прымеркаваныя да Сусьветнага Дня супраць сьмяротнага пакараньня, які сёлета адзначацца ўжо 14 раз.

Тыдзень супраць сьмяротнага пакараньня адбыўся у Беларусі

Даведка

Беларусь — апошняя краіна ў Эўропе і на постсавецкай прасторы, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананьне сьмяротныя прысуды. Кампанія “Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі” распачалася ў 2009 годзе з мэтай спыненьня гэтага антыгуманнага віду пакараньня і далучэньня нашай краіны да агульнаэўрапейскіх каштоўнасьцяў.

 

Паводле матэрыялаў spring96.org

Фота вокладкі: карціна з выставы, прысьвечанай барацьбе супраць сьмяротнага пакараньня