У Беларусі зьявіўся “Воўчы блог”

13/12/2016

Ахова птушак Бацькаўшчыны запусьціла воўчы блог, каб беларусы маглі назіраць за жыцьцём ваўкоў у Белавескай пушчы праз інтэрнэт.

У межах экспэрымэнту некалькі ваўкоў носяць адмысловыя ашыйнікі з GPS-перадатчыкамі, што дазваляе сачыць за перасоўваньнямі драпежнікаў і атрымліваць інфармацыю пра іх жыцьцё (што воўк еў, дзе хадзіў, чаму абышоў бокам вёску). Цікава, што ваўкі некалькі разоў на дзень дасылаюць смс-паведамленьні на тэлефоны дасьледчыкаў.

На старонках блогу таксама можна знайсьці мапы і паглядзець маршруты ваўкоў-удзельнікаў экспэрымэнту. На кожнага зь іх дасьледчыкі ўжо завялі прафайл.

Ініцыятары стварэньня блогу лічаць, што такое дасьледаваньне зьвера, якога прывыклі баяцца і адстрэльваць, можа зьмяніць стэрэатыпнае стаўленьне да ваўка як да шкодніка лесу і вярнуць яму заслужанае месца значнага элемэнту экасыстэмы.

Дасьледаваньне ваўкоў праходзіць у рамках прыродаахоўнага праекту, які рэалізуюць Ахова птушак Бацькаўшчыны, нацпарк “Белавеская пушча” і Франкфурцкае заалягічнае таварыства (Нямеччына). Першапачаткова плянавалася выкарыстаць “воўчыя” дадзеныя толькі ў прыродаахоўных мэтах, але навукоўцы атрымалі столькі цікавай інфармацыі, што захацелі падзяліцца гэтым з жыхарамі Беларусі.

Дарэчы, тэхнічную распрацоўку блога цалкам ўзяла на сябе каманда з кампаніі ЭПАМ Systems. Гэта валянтэрскі праект, якім распрацоўшчыкі займалася ў вольны час.

На сайце ёсьць магчымасьць дапамагчы праекту — можна пералічыць грошы на працяг ваўчыных дасьледаваньняў.

Фота вокладкі — kids.nationalgeographic.com