Як мадэрнізаваць заканадаўства ў сфэры прававога рэгуляваньня некамэрцыйных арганізацыяў

27/10/2016

Апублікаваная аналітычная справаздача па праекце распрацоўкі прапановаў рэформаў, накіраваных на мадэрнізацыю заканадаўства ў сфэры прававога рэгуляваньня некамэрцыйных арганізацыяў (НКА).

У працы над дакумэнтам у межах праекту “РЭФОРУМ” прымалі ўдзел незалежныя экспэрты, сярод якіх — юрыст Асамблеі НДА Юрый Чавусаў.

Справаздача ўключае ў сябе аналіз асноўных праблемаў прававога рэгуляваньня і правапрымяняльнай практыкі ў галіне стварэньня і дзейнасьці некамэрцыйных арганізацыяў, пры гэтым асаблівая ўвага надаецца фінансавым аспэктам дзейнасьці некамэрцыйных арганізацыяў, уключаючы пытаньні падаткаабкладаньня і бухгальтарскага ўліку.

У першым разьдзеле справаздачы аналізуюцца:

— Існуючыя рамачныя ўмовы для стварэньня і дзейнасьці НКА, уключаючы асаблівасьці стварэньня і дзейнасьці некамэрцыйных арганізацыяў розных арганізацыйна-прававых формаў;

— Існуючыя мэханізмы забесьпячэньня фінансавай устойлівасьці некамэрцыйных арганізацыяў (прыватнае, карпаратыўнае, дзяржаўнае, замежнае і міжнароднае фінансаваньне, а таксама прадпрымальніцкая дзейнасьць);

— Магчымыя шляхі ўвядзеньня ў беларускую практыку новых, пэрспэктыўных эфэктыўных мэханізмаў забесьпячэньня фінансавай устойлівасьці некамэрцыйных арганізацыяў, уключаючы прававое рэгуляваньне дабрачыннасьці, мэтавага капіталу (эндаўмэнта), валянтэрства;

— Асноўныя праблемы дзейнасьці некамэрцыйных арганізацыяў у Беларусі.

Разам з аналізам нацыянальнай практыкі ў справаздачы (і ў дадатках да яго) прадастаўлены агляд замежнага досьведу ў адпаведных галінах. Таксама дадаткі ўтрымліваюць аналітычныя запіскі па асобных пытаньнях, закранутых у аналітычнй справаздачы: пра пэрспэктывы ўвядзеньня ў беларускае заканадаўства мэханізмаў мэтавага капіталу, і аб магчымасьці стварэньня ў Беларусі самарэгуляваных арганізацыяў.

У другім разьдзеле на падставе агляду заканадаўства і практыкі аўтары справаздачы выпрацавалі рэкамэндацыі і прапановы, накіраваныя на паляпшэньне прававога становішча некамэрцыйных арганізацыяў у Беларусі. Названыя прапановы маюць комплексны характар і накіраваныя на стварэньне ўмоваў для гарманічнага разьвіцьця няўрадавага сэктару ў інтарэсах беларускага грамадзтва. У дадатку прадстаўлены дакумэнт аб эканамічным складніку прапановаў і пра разьлік кошту прапанаваных рэформаў.

Спампаваць Аналітычную справаздачу па праекце распрацоўкі прапановаў рэформаў, накіраваных на мадэрнізацыю заканадаўства ў сфэры прававога рэгуляваньня некамэрцыйных арганізацыяў.

Фота вокладкі — pixabay.com