Як просты абмен рэчамі пераўтварылі ва ўсебараўлянскі фэст

01/09/2016

4 верасьня пад Менскам пройдзе “Бараўляны-Талака-Фэст”. Ініцыятарка мерапрыемства Аксана Бярнацкая падзялілася парадамі, як актывізаваць мясцовую супольнасьць праз арганізацыю імпрэзы.

Ідэя зрабіць аб’яднаўчае мерапрыемства для жыхароў Бараўляняў у “Цэнтра вольнага часу дарослых і дзяцей “ЭкаЖыцьцё” і жаночага клюбу пры ім зьявілася даўно, аднак рэалізавалася толькі з надыходам школьнага сэзону.

Аксана Бярнацкая. Фота з Facebook.

Аксана Бярнацкая. Фота з Facebook.

 

“Бараўляны-Талака-Фэст” узяў пачатак з допісу ў сацыяльных сетках Аксаны Бярнацкай, дырэктаркі “ЭкаЖыцьця”: “Дарагія матулі Бараўлянаў і бліжэйшых ваколіц! Гэта толькі мой сынуля за лета вымахаў на 6 см, або ёсьць яшчэ такія прыклады? А давайце правядзем у Бараўлянах “Бараўляны Garage sale” (распродаж непатрэбных рэчаў за сымбалічны кошт)! Калі набярэцца хоць бы чалавек 20, я гатовая ўзяцца за рэалізацыю”.

Аксана прызнаецца, што калі пачалася падрыхтоўка да Garage sale і да яе арганізацыі далучылася мясцовая супольнасьць — “5 актыўных матуль і 2 ня менш актыўных татунь”, узгадаліся і іншыя праблемы, якія захацелася заадно вырашыць.

— Бараўляны — гарадзкі пасёлак у Менскім раёне, — расказвае Аксана Бярнацкая. — Шмат хто з маіх знаёмых возіць дзяцей на заняткі жывапісу, танцаў у Менск. Ні бацькоў, ні дзяцей не задавальняе, што на дарогу прыходзіцца выдаткоўваць цэлых паўтары гадзіны.

Аксана прызнаецца, што пра наяўнасьць у Бараўлянах розных гурткоў для дзяцей, бацькі ня чулі. Таму і зьявілася думка заангажаваць да ўдзелу ў Фэсьце мясцовыя гурткі і калектывы, каб зрабіць ім рэкляму.

Афіша Бараўлянскага фэсту

Афіша Бараўлянскага фэсту

 

Арганізатарка ўпэўненая, праграма нядзельнага фэсту — цікавая і будзе запатрабаванай, бо атрымалася зьвесьці тых, хто жыве ў Бараўлянях і хоча чымсьці заняць сваіх дзяцей, а таксама тых, каму патрэбныя новыя кліенты. Таму на фэсьце будуць прадстаўленыя: танцавальныя майстар-клясы, ёга для дарослых, бясплатныя кансультацыі лягапэду, мастацкія студыі, буккросынг, музычная частка, пройдзе воркшоп “Каляровая хімія” і Garage sale — распродаж непатрэбных рэчаў, зь якога ўсё пачалося.

Дарэчы, “Бараўляны-Талака-Фэст” падтрымалі мясцовыя ўлады: старшыня сельсавету Варабей Жанна Аляксандраўна і старшыня каапэратыву дому, на паляне якога пройдзе фэст. Апошні так пранікнуўся ідэяй, што нават прапанаваў ладзіць такія фэсты на пастаяннай аснове.

— Мы ўжо плянуем наступны фэст — калядны, — хваліцца Аксана. — З дапамогай пачалі падцягвацца іншыя мясцовыя арганізацыі, напрыклад, Фонд “Чыстае дзеяньне”.

Аксана, якія парады можаце даць тым, хто хоча ў сваім раёне правесьці падобны фэст?

— Спачатку я хачу пажадаць моцы і цярпеньня сабе. І паболей веры ў людзей. Трэба быць гатовым да таго, што мала хто адгукнецца на вашую прапанову, але некалькі аднадумцаў заўсёды знойдуцца, а там і астатнія падцягнуцца.

Калі людзі бачаць, што ты гарыш ідэяй, што можаш знайсьці тое, што можа ўсіх зацікавіць і быць карысным усім, яны далучацца да працы.

Увогуле, трэба аднаўляць традыцыю талакі. У мясцовай супольнасьці мусіць зьявіцца разуменьне, што яны самі маюць паляпшаць для сябе прастору, на якой яны жывуць.

“Бараўляны-Талака-Фэст” пройдзе 4 верасьня 2016 году з 12.00 да 16.00 на паляне перад 34 домам па вул. 40 гадоў Перамогі. Прыпынак “Бараўляны 6”.

Сачыць за падзеяй у Facebook і ВКонтакте.

Ілюстрацыя вокладкі — teamsoft.ru