Якія мэханізмы самарэгуляваньня беларускім НДА варта пераняць у эўрапейскіх калег?

09/03/2016

Беларускія арганізацыі грамадзянскай супольнасьці часта папракаюць абмежаваным ужываньнем мэханізмаў самарэгуляваньня. З мэтай выпраўленьня сытуацыі Асамблея НДА Беларусі і Цэнтар прававой трансфармацыі замовілі дасьледваньне “Сучасныя тэндэнцыі самарэгуляваньня арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці ў Эўропе”.

Перавагі ды недахопы сыстэмаў самарэгуляваньня ацаніў у сваім аглядзе Эўрапейскі цэнтар некамэрцыйнага права (ECNL).

Падставай для зьяўленьня дакумэнту сталася параўнальна малая распаўсюджанасьць мэханізмаў самарэгуляваньня ў беларускім грамадзкім сэктары. Гэты факт рэгулярна адзначаецца як недахоп у індэксах устойлівасьці грамадзянскай супольнасьці Беларусі, што штогадова рыхтуюцца Агенцыяй па міжнародным разьвіцьці Злучаных Штатаў.

У якасьці асноўнай прыкметы самакіраваньня дасьледчыкі вылучаюць добраахвотны характар прыняцьця нормаў самарэгуляваньня, якія не падмацаваныя прававой сілай дзяржаўнага рэгуляваньня.

Разам з тым, нормы пра самарэгуляваньне часам маюць ня меншае значэньне за ўстаноўленыя дзяржавай прававыя рамкі: асабліва гэта праяўляецца ў тых прававых сыстэмах, дзе дзяржава дае шмат свабоды няўрадавым арганізацыям і дазваляе ім самастойна вызначаць шмат якія аспэкты іх дзейнасьці. Напрыклад, у Нідэрляндах Цэнтральнае бюро па фандрайзынгу (як орган самарэгуляваньня) прысуджае Пячатку Адпаведнасьці і Сэртыфікаты дабрачынным арганізацыям — і на падставе гэтай інфармацыі мясцовыя ўлады выдаюць дазволы на збор грамадзкіх сродкаў.

Яшчэ адным важным, асноватворным падыходам у любой ініцыятыве самарэгуляваньня зьяўляецца тое, што яна распрацоўваецца ў працэсе супрацоўніцтва. Улічваючы той факт, што нормы самарэгуляваньня распрацоўваюцца сумеснымі намаганьнямі, працэс іх прыняцьця стымулюе разьвіцьцё супрацоўніцтва паміж арганізацыямі, якія прымаюць у ім удзел. Гэта дазваляе ўдзельнікам вызначаць агульныя прынцыпы і каштоўнасьці, а таксама вырашаць праблемныя пытаньні, якія паўстаюць пры стварэньні эфэктыўных альянсаў у грамадзянскай супольнасьці. Падрыхтаваны ECNL агляд дае шырокі набор прыкладаў таго, як распрацоўваюцца дакумэнты і стандарты самарэгуляваньня, а таксама прадстаўляе рэкамэндацыі па выпрацоўцы гэтых мэханізмаў.

У дасьледваньні прадстаўлены агляд асноўных формаў самакіраваньня, якія ўжываюцца цяпер у грамадзянскай супольнасьці розных краінаў Эўропы і скіраваныя на павышэньне празрыстасьці і справаздачнасьці, павелічэньне даверу з боку донараў і грамадзкасьці, ды ў цэлым спрыяюць эфэктыўнасьці дзейнасьці некамэрцыйных арганізацыяў дзеля дасягненьня іхніх мэтаў. У прыватнасьці, вылучаюцца разнастайныя кодэксы добрых паводзінаў і этыкі, схемы сэртыфікацыі і акрэдытацыі, а таксама інфармацыйныя сэрвісы, працоўныя групы прасоўваньня досьведу, прэміі ды прызы, што ўручаюцца арганізацыям з мэтай адзначэньня эфэктыўнасьці іх працы, інавацыяў і лепшых практыкаў у розных сфэрах. На падставе досьведу розных эўрапейскіх краінаў, а таксама міжнародных ды рэгіянальных сыстэмаў самарэгуляваньня, дасьледваньне дае ацэнку перавагаў і недахопаў кожнага з гэтых мэханізмаў.

Агляд “Сучасныя тэндэнцыі самарэгуляваньня арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці ў Эўропе” даступны на беларускай, рускай і ангельскай мовах.