Захапіся моўнымі пошукамі зь Вінцуком Вячоркам

23/05/2016

Апублікаваная кніга нарысаў пра беларускую мову “Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам”.

Калі паставіцца да кнігі як да зборніка моўных парадаў, то яе разьдзелы могуць называцца „Лексыка“, „Анамастыка“, „Граматыка“, „Артаэпія і правапіс“, „Моўныя кантакты і культура мовы“. Запрашаю чытаць і тых, хто трымаецца афіцыйнага правапісу, бо правапісаў два, а мова адна.

Кожны аўтар субʼектыўны. Але я стараўся абгрунтоўваць прапановы народнаю моваю, зьдзяйсьненьнямі пачынальнікаў нашага мовазнаўства 1920-х гадоў, моўным чуцьцём клясыкаў. А нават старабеларушчынай, ад якое мы пакуль адчужаныя.

Мне мала таго, каб чытач беларускую мову „любіў і паважаў“. Я хацеў бы, каб мы ўсе, па-першае, захапіліся моўнымі пошукамі, адчулі, якая ж неадкрытая гэта рэч — наша мова. А па-другое…

У сацыялінгвістыцы бытуе тэрмін „моўны ўчынак“. Ён мае розныя значэньні, але ў беларускай рэальнасьці гэта валявы акт дзеля мовы. Моўны ўчынак — не паддацца на псыхалягічны ціск іншамоўнага навакольля. Адшукаць і пачаць ужываць беларускую тэрміналёгію ў сваёй прафэсіі.

А галоўны моўны ўчынак — гэта гаварыць па-беларуску. Патрэбнае слова знойдзецца, можа нават у гэтай кніжцы.

Паводле В. Вячоркі

Спампаваць кнігу “Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам”