Зьявіліся мульты, якія расказваюць беларусам пра магчымасьці Балёнскага працэсу

23/06/2016

На прасторах байнэту зьявіўся Містэр Балён (Mr.Bologn), пэрсанаж прызваны тлумачыць беларусам пра Балёнскі працэс.

Як пазьней высьветлілася, прыдумалі яго прадстаўнікі Братэрства арганізацыяў студэнцкага самакіраваньня (БАСС). Яны стварылі графіку і сэрыю мультоў, якія дэтальна тлумачаць чым ёсьць Балёнская сыстэма, ейныя мэты, прынцыпы і магчымасьці.

Зьявіліся мульты, якія расказваюць беларусам пра магчымасьці Балёнскага працэсу

На прэзэнтацыі мультоў

 

Ужо дасяжныя для прагляду 4 сэрыі мультсэрыялу. Яркія ролікі даступна і проста расказваюць студэнтам пра аўтаномнасьць унівэрсытэтаў, студэнцкае самакіраваньне, акадэмічную мабільнасьць, унівэрсытэт XXI стагодзьдзя.

— У шматлікіх беларусаў існуюць пэўныя непаразуменьні датычна рэальных каштоўнасьцяў і прынцыпаў Балёнскага працэсу. Год таму, сумесна зь міжнародным сакратаром нашай арганізацыі, Юліяй Дабышук, мы задумалі стварыць адукацыйныя матэрыялы па гэтай тэматыцы. Яны павінны былі быць зразумелымі і, у той жа час, мець экспэртны характар. А ўжо ў лютым гэтага году дзякуючы вялікай камандзе аднадумцаў паўстаў пэрсанаж Mister Bologn, які адлюстроўвае неабходнасьць адзінства для якасных зьменаў перадавых выкладчыкаў і вольных духам студэнтаў, — расказаў адзін з аўтараў ідэі Аляксандар Луцэвіч.

Зьявіліся мульты, якія расказваюць беларусам пра магчымасьці Балёнскага працэсу

Нягледзячы на тое, што 14 траўня 2015 году Беларусь стала ўдзельніцай Балёнскага працэсу, пакуль істотныя зьмены ў сыстэме вышэйшай адукацыі краіны не адбыліся.

Падрабязна пра Балёнскі працэс можна пачытаць на сайце БАСС.

Фота — Mr.Bologn