Міжнародная кампанія заклікае “Падаць рэпрэсіям урок”

13/07/2017

Беларускія і замежныя арганізацыі аб’ядналі намаганьні, каб спыніць рэпрэсіі з боку адміністрацыяў беларускіх ВНУ супраць актыўнага студэнцтва.

Міжнародная кампанія “Падаць рэпрэсіям урок” стартавала пры падтрымцы Праваабарончага цэнтру “Вясна”, Задзіночаньня беларускіх студэнтаў і нямецка-швэйцарскай праваабарончай арганізацыі Libereco – Partnership for Human Right.

Прадстаўнікі гэтых арганізацый зьвяртаюцца да грамадзтва з просьбай падтрымаць адлічаных за грамадзка-палітычную дзейнасьць студэнтаў і падпісаць пэтыцыю ў іх абарону. Пэтыцыя заклікае Міністэрства адукацыі і рэктараў беларускіх ВНУ ў аднаўленьні студэнтаў і студэнтак, якіх адлічылі па палітычных прычынах. Дакумэнт даступны для падпісаньня на беларускай, ангельскай, нямецкай, расейскай мовах.

У падтрымку несправядліва адлічаных студэнтаў і студэнтак ужо правялі канфэрэнцыю “Падаць рэпрэсіям урок: акадэмічныя свабоды ў Беларусі”, распаўсюджваюць відэаролікі, у якіх студэнцтва расказвае свае гісторыі адлічэньня.

Студэнцкія і праваабарончыя арганізацыі Беларусі, сярод якіх і Асамблея НДА Беларусі, падпісалі супольны зварот да замежных партнэраў беларускіх унівэрсытэтаў. У звароце прадстаўнікі грамадзкага сэктару заклікаюць замежныя арганізацыі станоўча паўплываць на стан акадэмічных свабодаў і правоў студэнтаў у Беларусі.

Чакаецца, што да звароту далучыцца болей грамадзкіх арганізацыяў і пазьней ён будзе даведзены да міжнароднай акадэмічнай супольнасьці.

Каб падпісаць зварот ад імя сваёй арганізацыі, зьвяртайцеся да Зьмітра Салаўёва з ПЦ “Вясна” – zmicier.salauyou @gmail.com.