Апублікаваны агляд свабоды асацыяцыяў за 2017 год

27/12/2017

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў і Цэнтар прававой трансфармацыі апублікавалі гадавы агляд “Свабода асацыяцыяў і прававы стан некамэрцыйных арганізацыяў у Беларусі” за 2017 год.

У публікацыі адлюстраваныя асноўныя тэндэнцыі ў сфэры прававога рэгуляваньня і праваўжывальнай практыкі ў дачыненьні да арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку пытаньні рэгістрацыі арганізацыяў, удзелу НКА ў прыняцьці палітычных рашэньняў (у тым ліку ў абмеркаваньні зьменаў заканадаўства), асобная ўвага надаецца праблеме забароны на дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў і павелічэньню паказчыкаў перасьледу НКА (ператрусы, арышты актывістаў і актывістак) у час уздыму грамадзкіх пратэстаў у першай палове 2017 году.

Асноўныя падзеі ў некамэрцыйным сэктары ў 2017 годзе аўтары агляду зьвязваюць з двума супярэчлівымі тэндэнцыямі, якія вызначалі лёгіку разьвіцьця ўзаемадзеяньня паміж структурамі грамадзянскай супольнасьці і дзяржаўнай уладай.

З аднаго боку, у сфэры прававога рэгуляваньня і выбудоўваньня інстытуцыйных мэханізмаў супрацоўніцтва паміж дзяржавай і НКА меў месца працяг ранейшай тэндэнцыі паступовай адмовы ад канфрантацыйных фарматаў і пераходу да супрацоўніцтва, у тым ліку ў напрамку ўдасканаленьня заканадаўства. У адпаведным разьдзеле дакумэнту робіцца агляд наяўных мэханізмаў узаемадзеяньня дзяржавы і грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку ў накірунку абмеркаваньня плянаў дзейнасьці па рэалізацыі задачаў у галіне правоў чалавека. Аўтары канстатуюць абмежаванасьць наяўных фарматаў узаемадзеяньня, дзе роля НКА зводзіцца да эпізадычнага, пасіўнага і фармальнага ўдзелу у мерапрыемствах, што не дае грамадзянскай супольнасьці магчымасьці эфэктыўнага далучэньня да дзейнасьці.

Зь іншага боку, павелічэньне ў пачатку 2017 году пратэстнай актыўнасьці ў грамадзтве ў сувязі з сацыяльна-эканамічнай палітыкай уладаў абумовіла вяртаньне самых горшых абмежавальных і рэпрэсіўных практыкаў, якія ў першую чаргу ўдарылі па тых структурах грамадзянскай супольнасьці, якія мелі дачыненьне да арганізацыі пратэстаў.

У цэлым выпадкі палітычных рэпрэсіяў і абмежаваньняў дзейнасьці НКА, ператрусаў, арыштаў удзельнікаў мірных акцыяў і інсьпіраваныя ўладамі палітычна матываваныя крымінальныя справы сьведчаць пра пагаршэньне становішча структураў грамадзянскай супольнасьці ў 2017 годзе ў параўнаньні з пэрыядам 2014-2016 гадоў — сьцьвярджаецца ў аглядзе. Рэпрэсіўная актыўнасьць уладаў паўплывала нэгатыўна на атмасфэру ўзаемадзеяньня дзяржавы з грамадзянскай супольнасьцю, аднак у цэлым не прыпыніла спробаў грамадзкага дыялёгу па шматлікіх важных пытаньнях, у тым ліку што тычацца становішча з правамі чалавека. І хоць вобласьць прымяненьня нэгатыўных практыкаў супраць структураў грамадзянскай супольнасьці ня была лякалізаваная задачай падаўленьня пратэстнай актыўнасьці, не адбылося распаўсюджваньня найбольш жорсткіх формаў рэпрэсіяў і санкцыяў на іншыя вобласьці ўзаемадзеяньня дзяржавы і грамадзянскай супольнасьці.

 

Гадавыя агляды свабоды асацыяцыяў і прававога стану НКА ў Беларусі публікуюцца Асамблеяй НДА з 2007 году. Вось спасылкі на дакумэнты папярэдніх гадоў:

Агляд за 2016 год

Агляд за 2015 год

Агляд за 2014 год

Агляд за 2013 год

Агляд за 2012 год

Агляд за 2011 год

Спампаваць англамоўную вэрсыю агляду “Freedom of association and legal conditions for non-commercial organizations in Belarus”